На сустрэчы сястрыцтва Пакроўскага сабора распавялі пра паломніцтва ў Грузію

2 лютага 2020 года сёстры сястрыцтва імя Святой Юліяніі Гальшанскай Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна ў чарговы раз сабраліся разам, каб згодна са сталай традыцыяй паслухаць аповед паломнікаў пра паездкі “ў далёкія краіны”.

У гэты раз мы пачулі цікавы аповед пра паломніцкі тур па Іверыі – гістарычнай усходняй Грузіі. Сястра Валянціна Уладзіміраўна, што нядаўна вярнулася адтуль, прывезла таксама кнігі і буклеты пра наведаныя святыні, іконы, шчодра падзялілася прасфарамі, алеем, асвячоным на мошчах вялікіх святых.

Былі наведаны шматлікія найстаражытнейшыя храмы грузінскай сталіцы, Баржомі, Кахеціі, Мцхеты, манастыры, лаўра святога Давіда Гараджыйскага, адкуль вядзе паходжанне пустэльніцкае жыццё ў гэтых мясцінах і шмат іншага. Уразілі паломнікаў храм у імя святога Георгія (ІV ст.), кафедральны сабор ХІ ст. Свеціцхавелі – пярліна грузінскай архітэктуры. Пакланіліся мошчам многіх знакамітых святых, у тым ліку айца Гаўрыіла. А нам на працягу аповеду асабліва запомнілася не толькі малітва, а і запаведзь прападобнага Гаўрыіла:

“Маліцеся за ўсіх, пакідаю вам запаведзь… У пачатку памаліся за тых, каго больш за ўсіх любіш, напрыклад, за сваіх дзяцей. Потым памаліся за астатніх членаў сям’і, пасля чаго – за ўсіх суседзяў і сваякоў, маліся за ўсіх. Благаславі горад, дзе ты жывеш, але Тбілісі – не адзіны горад, благаславі ўсіх жыхароў Грузіі. І Грузія не адна, яна акружана іншымі краінамі – прасі Бога, каб людзі не варагавалі. Цяпер, калі ты памаліўся за ўсіх, застаўся толькі вораг твой, і яго не пакідай, памаліся за ворага. Прасі напоўніць сэрца яго дабрынёй, а розум – мудрасцю. Вось так

і зможаш маліцца за свайго ворага. Маліся з багавейнасцю, усведамляй, перад Кім стаіш, Хрыстос нябачна заўсёды з намі”.

Духаўнік сястрыцтва айцец Уладзімір Барысевіч памазаў сясцёр алеем ад лампадкі з магілы прападобнага.

Удзельнікі сустрэчы адчулі цеплыню і радасць не толькі ад душэўнай размовы за чаем, але і ад аповеду аб праваслаўных святынях Грузіі. У сясцёр вырасла цікавасць да будучых паломніцтваў у гэту дзіўную і сяброўскую нам краіну.

Людміла Кіўлюк