12 студзеня 2020 года ў нядзельны калядны дзень па заканчэнні набажэнстваў сястрыцтва Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна імя дабравернай Юліяніі, князёўны Альшанскай, дружна сабралася, каб павіншаваць яшчэ раз адзін аднаго з Хрыстовым Нараджэннем. Тут жа прысутнічала і група студзеньскіх юбіляраў, якіх сёстры ўганаравалі ў гэтыя калядныя дні.
Марыі Іванаўне споўнілася 75 год, Валянціне Уладзіміраўне і Галіне Юльянаўне – 70, Марыне Мікалаеўне – 50. Яшчэ адна сястра Фаіна Барысаўна святкавала ў гэты дзень свой 65 юбілей дома з роднымі.
Сясцёр павіншаваў і настаяцель кафедральнага сабора протаіерэй Георгій Рой, падарыўшы юбілярам іконы Маці Божай і Мікалая Цудатворца – самыя шанаваныя прыхаджанамі сабора.
Са словамі ўдзячнасці за супрацоўніцтва да ўсіх сясцёр звярнулася Алена Барысаўна, кіраўнік службы па прыбіранні храма.
Добрыя словы сказалі і духаўнік сястрыцтва айцец Уладзімір Барысевіч, і старшая сястра Ірына Гез, падзякавалі за працу, уручылі падарункі на доўгую малітоўную памяць.
Трапеза ўмясціла ў сябе не толькі віншаванні з днём нараджэння, але і ўспаміны з жыцця сястрыцтва, пра мінулагодні 80-гадовы юбілей найстарэйшай сястры Яўгеніі, падаруначкі кожнай сястры, інтэрактыўныя гульні, песні па заяўках юбіляраў і традыцыйнае агульнае выкананне самай любімай намі песні “Царыца Нябесная”.
Доўга не хацелася разыходзіцца. Сыходзячы, сёстры радасна паўтаралі словы, што прыйшліся даспадобы: “Юбілей у Раство – гэта весела! Правядзем калядныя дні з малітвай, з
песнямі! Хай заўжды гэты свет усіх нас цешыць. Хай і зімой вясёлка ўсім нам свеціць!”
Людміла КІЎЛЮК













