Бацькоўскі сход і педагагічная рада. Нядзельная школа Пакроўскага сабора пачынае новы навучальны год

8 верасня 2019 года настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна, кіраўніцтва і педагогі прыходскай нядзельнай школы сустрэліся з бацькамі-прыхаджанамі. Пасля азнаямляльнай размовы ў актавай зале бацькам паказалі класы, у якіх непасрэдна і ствараецца неабходная атмасфера хрысціянскіх зносінаў як для дзяцей, так і для дарослых.

Найгалоўнейшай задачай нядзельнай школы а. Георгій назваў знаёмства з Хрыстом, таму што гэта той фундамент, які дазволіць чалавеку выстаяць у будучым жыцці і не адвярнуцца ад Бога. Таксама настаяцель падкрэсліў неабходнасць бацькам вучыцца разам з дзецьмі, спавядацца, прычашчацца, быць прыкладам і расці духоўна.

На працягу педагагічнай рады тыя, хто сабраліся, разгледзелі актуальныя пытанні арганізацыі навучальнага працэсу, пазнаёміліся з новымі выкладчыкамі і афіцыйна была прадстаўлена дырэктар школы матушка Юлія Барадзінчык. 

Папярэдняму кіраўніку Дар'і Віктараўне Санюкевіч настаяцель сардэчна падзякаваў за вагомы ўклад у рэарганізацыю і развіццё прыходскай школы за апошнія тры гады.

Пачатак заняткаў — 22 верасня. 

Мікалай БАЙДА