Пра паломніцтва на Валаам распавялі на сустрэчы сястрыцтва Пакроўскага сабора

31 жніўня 2019 года пасля позняй Боскай літургіі сястрыцтва Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна па традыцыі сабралася, каб паслухаць уражанні ўдзельнікаў паломніцкай паездкі на востраў Валаам – святы куток праваслаўя ў паўночных шыротах Расіі.

Старшая сястра Ірына Гез, як кажуць, “у асобах” распавяла пра арганізацыю паездкі, цікавыя выпадкі на шляху. Бо ўжо з канца жніўня на Ладажскім возеры здараюцца штормы, многія рэйсы адмяняюць. Гродзенскую групу, па малітвах святых, усё-такі чакаў цеплаход, на якім плыў і айцец Серафім – вядомы на Валааме манах.

Усе мы з задавальненнем разглядалі маляўнічы альбом з аўтарскімі фатаграфіямі знамянальных мясцін Валаама. Дарэчы, удзельнікі групы ў вайберы “Паломнікі сабора” ўжо і раней змаглі азнаёміцца з аматарскімі фота нашых паломнікаў, што значна дапоўніла ўражанні тых, хто ўжо там пабываў у паломніцтвах ці ў складзе групы труднікаў. А тым, хто яшчэ не быў, вельмі захацелася пабываць абавязкова.

Сёстры-ўдзельніцы паездкі ўспаміналі скалы, што вырастаюць нібы з бездані, векавыя хвоі, што ўладна трымаюцца сваімі каранямі за зямлю, і цішыню, што парушаецца толькі перазвонам і шчэбетам птушак. На працягу экскурсіі пра абіцель даведаліся шмат цікавага, і яна стала для іх роднай і блізкай. Адзначылі, што тут заўсёды пануе гасціннасць, паломнікаў сустракаюць ветліва.

Мы вельмі ўдзячныя сёстрам, якія падалі там запіскі за здароўе духаўніка, усіх сясцёр і добраахвотных памочнікаў нашага сястрыцтва ў свята Успення Маці Божай. А яшчэ мы атрымалі ад іх падарункі з Валаама – лёгкія белыя галаўныя хусткі, ручкі з лагатыпам манастыра. Творча і клапатліва падышлі сёстры да “прыродных” падаруначкаў: прывезлі нам шышкі векавых лістоўніц і каменьчыкі, знойдзеныя каля Мікольскага скіта.

Усім зычым новых добрых дарог! Няхай ахоўвае Гасподзь!

Сястра Людміла Кіўлюк