Сёстры сястрыцтва Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна 20 ліпеня 2019 года ўрачыста і душэўна адзначылі дзень памяці дабравернай Юліяніі, князёўны Гальшанскай, нябеснай апякункі сястрыцтва. У гэта дзень вельмі шчодра адорвалі сясцёр падарункамі.
Па-першае, Боская літургія ў Свята-Вольгінскім храме служылася адмыслова для сястрыцтва. Па благаславенні духаўніка абшчыны протаіерэя Уладзіміра Барысевіча, споведзь была супольная. Але такая шчырая і кранальная – сёстры са слязамі на вачах падыходзілі, каб багавейна прыкласціся да Крыжа і Евангелля. “Госпадзі, даруй нам, грэшным…” Таму годным і трапяткім стала прычашчэнне Самога Цела і Крыві Госпада нашага Іісуса Хрыста на адпушчэнне грахоў і Жыццё Вечнае.
Па-другое, сёстры атрымалі новы кананічна напісаны абраз нябеснай апякункі сястрыцтва. Гродзенскі іканапісец Яўгеній Коваль менавіта да Дня памяці святой завяршыў працу над іконай праведнай дзевы Юліяніі. Радасна біліся сэрцы, калі пасля Літургіі з алтара айцец Уладзімір вынес ікону ў цэнтр храма і ўрачыста асвяціў.
А яшчэ кожная сястра атрымала іконку святой, да якой можна малітоўна звярнуцца ў любы час. Сёстры атрымалі прасфары, а таксама салодкія карамелькі, якія шчодра раздавала сястра Валянціна Уладзіміраўна.
Пасля агульнага фатаграфавання адбылася сумесная трапеза, якая ў сястрыцтве заўсёды адбываецца цёпла і нават незвычайна, паколькі гэта не толькі чаяпіцце і “паяданне ласункаў”, прыгатаваных сёстрамі з любоўю. Тут адбываюцца зносіны і арганізуюцца сустрэчы з духаўніком і настаяцелем, якія заўсёды адзначаюць, што ўдзячнасць сёстры заслужылі сваёй працай у храме і на яго тэрыторыі, дабрачыннай дзейнасці.
Сюрпрызам на трапезе стала прэзентацыя “З гісторыі сястрыцтва”, падрыхтаваная сястрой Людмілай. З цікавасцю сёстры і бацюшка ўдзельнічалі ў паломніцкай віктарыне “Угадай, дзе пабывалі?”. Пад гарбатку і торцік сястра Ірына падала незвычайны “дэсерт з пытаннечкамі”. За добрае выкананне заданняў сёстры таксама атрымалі невялікія падарункі (іконкі, малітвасловы, акафісты).
Была сярод усяго і вясёлая запіска без задання “За проста так” (і ўсе чакалі, хто яе атрымае). І незвычайная запіска з просьбай праспяваць для ўсіх. Трохі разгубленую сястру выручыла наша найстарэйшая сястра Фаіна. А мы, навічкі, стараліся адпавядаць, падпяваючы песні, складзеныя ў гонар Прасвятой Багародзіцы.
Выконваючы заданні з сэнсам, адказваючы на пытанні, удзельнікі непрыкметна для сябе ўносілі каштоўныя прапановы для развіцця дзейнасці сястрыцтва.
Мы адзначылі, што ў сястрыцтве Пакроўскага сабора імя святой Юліяніі Гальшанскай,якім з сакавіка 2019 года кіруе старшая сястра Ірына Віктараўна Гез, развіваюцца і старыя добрыя традыцыі, і складваюцца новыя. Усе пагадзіліся, што гэта:
· малітва, Прычасце;
· сумесная праца і адпачынак;
· нашэнне формы (белая хустка, фартух з вышыўкай, бэйдж) на паслушаннях у саборы;
· паломніцкія паездкі;
· сумесныя трапезы;
· калектыўная падрыхтоўка да святаў;
· віншаванні духаўніка айца Уладзіміра сясцёр да святаў;
· віншаванне сясцёр з памятнымі датамі царкоўнага і асабістага календара. Вось і ў гэты дзень мы не забылі яшчэ адну сястру, што адзначыла свой дзень нараджэння.
З’явіўся новы від зносінаў сясцёр у мэсэнджарах (група ў “вайберы”). Пра дзейнасць сястрыцтва стала больш публікацый, артыкулаў і фотаматэрыялаў на сайтах сабора, епархі, у епархіяльных ведамасцях дзякуючы падтрымцы Мікалая Байды.
У далейшым для сястрыцва будуць арганізаваныя духоўныя сустрэчы са святарамі. Дасведчаныя сёстры зычылі ўсім павелічэння любові і міласэрнасці, павышэння ўвагі да самотных прыхаджанаў сабора ў гадах. Таксама было выражана пажаданне, каб была размешчана новая ікона святой праведнай дзевы Юліяніі ў саборы для агульнага доступу, і паставілі там падсвечнік, і па магчымасці хацелі б мець мошчы святой у кафедральным саборы. Настаяцель папрасіў дапамогі сясцёр (па неабходнасці) у працы камісіі па працы з просьбітамі, што ствараецца ў нашым прыходзе на дадзены момант.
На працягу незвычайнага дэсерта з’явіўся і новы “садоўнік” для добраўпарадкавання кветнікоў вакол сабора, і “летапісец”. Сёстры, асабліва тыя, што маюць вялікі стаж у сястрыцтве, з вялікім жаданнем падхапілі ідэю настаяцеля пра стварэнне “Летапісу сястрыцтва”. Бо, як адзначыў айцец Георгій, пры вывучэнні гісторыі сабора добра відаць, што прадстаўнікі ХІХ-ХХ стст. больш дбайна захоўвалі дакументы, што сведчаць пра дзейнасць Царквы ў той перыяд. А ў 80-90-я гг. назіраецца “пустата”. І каб звесткі пра людзей і іх добрыя справы ХХІ стагоддзя не “канулі ў лету”, трэба аднавіць матэрыялы з 1993 года (час стварэння сястрыцтва ў саборы) і паўней зафіксаваць бягучыя падзеі.
Як адзначаюць гісторыкі, князёўна Юліянія Гальшанская – гэта адна з найбольш загдкавых персон, далучаных да ліку святых Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пра яе жыціе вядома вельмі мала. У гонар святой асвячоныя ў Беларусі два храмы – у вёсцы Гожа Гродзенскага раёна і ў вёсцы Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Часцінка мошчаў святой праведнай дзевы Юліяніі Гальшанскай ёсць у храме сятога велікамучаніка Георгія Перамоганосца ў вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна. Астанкі мошчаў пакояцца ў Бліжніх пячорах Кіева-Пячэрскай Лаўры. Часцінка святых мошчаў знаходзіцца ў кафедральным саборы ў Жытоміры ва Украіне.
Пагэтаму і падалі сёстры ідэю пра пашырэнне ведаў пра святую Юліянію, новыя паломніцкія паездкі з наведваннем мясцінаў яе памяці.
У сваёй пропаведзі айцец Уладзімір падкрэсліў: “У чым святасць Юліяніі? Яна не прыняла мучаніцкі вянец, яна не была пры жыцці знакмітай на ўсё княства, на ўвесь свет, на ўсю Рымскую імперыю, як некаторыя святыя, але яна дасягнула нябеснага царства. У чым яе святасць? Яна была паслухмянай дачкой сваіх бацькоў, захоўвала цноту, выконвала запаведзі любові да Госпада і бліжніх. Маленькая дзяўчынка дасягнула вышынь, якіх не дасягаюць многія людзі, што пражылі 80 год. Госпаду няма розніцы ў тым, колькі чалавек пражыў на зямлі, галоўнае, як ён іх пражыў”. Але святая дзева Юліянія паказвае, што простым хрысціянскім жыццём можна дасягнуць найбольшых вышынь у духоўным жыцці, прытрымліваючыся запаведзяў, якія мы ўсе ведаем”. Гасподзь дае чалавеку досвед любові, міласэрнасці, які будзе неабходны яму, калі ён з часовага жыцця пойдзе ў жыццё вечнае.
Вельмі важна, калі мы наша жыццё будзем прысвячаць не толькі сваім патрэбам, а пачнём аддаваць іншым.
Сястра Людміла Кіўлюк, фота і відэа Мікалай БАЙДА






























