Сястрыцтва Пакроўскага сабора ажыццявіла паломніцтва ў Свята-Увядзенскі манастыр (в. Богушы)

29 чэрвеня 2019 года сястрыцтва ў гонар Юліяніі Гальшанскай Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна ажыццявіла паездку ў Свята-Увядзенскі жаночы манастыр. Духаўнік сястрыцтва протаіерэй Уладзімір Барысевіч, сёстры з роднымі і блізкімі ўпершыню пазнаёміліся з гэтай ціхай абіцеллю, размешчанай у вёсцы Богушы Смаргонскага раёна. Мясціна, дзе нават геаграфічная назва намякае на тое, што Гасподзь чуе малітвы (Бог-ушы (рус.)).

Свята-Увядзенскі жаночы манастыр заснаваны настаяцельніцай манахіняй Елісаветай (Сысун) з мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта ў 2000 годзе. Абіцель размешчана недалёка ад месца, дзе ў часе Першай сусветнай вайны загінулі 90 дзяўчын жаночага батальёну у часе газавай атакі кайзераўскіх салдатаў.

Насельніца пазнаёміла нас з гісторыяй зараджэння абіцелі, укладам жыцця сясцёр, двума храмамі і каплічкай у памяць загінулых у часе Першай сусветнай вайны. Маюцца гістарычныя сведчанні пра тое, што тут пакояцца каля 70 тысяч воінаў. Пачынаючы будаўніцтва, сёстры вельмі часта знаходзілі асколкі боепрыпасаў. У абіцелі пасля кожнай літургіі служаць ліцію за памерлых.

З мэтай ахоўваць спакой уваход усярэдзіну манастыра закрыты для паломнікаў, але адкрыты для труднікаў, што і выкарысталі з Божай дапамогай сёстры і браты. Варта адзначыць, што многія будаўнічыя працы манахіні робяць самі. Навучыліся працаваць не толькі малатком, але і перфаратарам, заліваюць фундамент, узводзяць сцены.

Пасля трапезы, падзякаваўшы Госпаду і Прасвятой Багародзіцы, мы адправіліся дамоў.

Гасподзь усюды прысутны. Аднак сярод буры і шторму мітусні свету ёсць астравы спакою і малітоўнай цішыні, дзе менш перашкодаў адчуць Яго жыватворную прысутнасць і клопат пра нас грэшных.

МАНАСТЫРСКІ САЙТ

Мікалай БАЙДА