Велікоднае віншаванне для падапечных АДТ “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” арганізавалі сацыяльны аддзел і школа Пакроўскага сабора

3 мая 2019 года, у пятніцу Светлай сядміцы, сацыяльная служба Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна, прыходская школа і Гродзенскае дабрачыннае таварыства сумеснымі намаганнямі арганізавалі велікоднае свята для падапечных АДТ “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”.

У пачатку сустрэчы духаўнік нядзельнай школы Пакроўскага сабора іерэй Аляксій Саўко прычасціў дзяцей з хоспіса Святых Тайнаў Хрыстовых.

З міні-канцэртам і віншаваннямі выступілі выхаванцы прыходскай школы. Гучалі велікодныя песнаспевы, вершы, флейта. Увазе гледачоў прапанавалі і адаптаваны да святочнай тэматыкі міні-спектакль “Чырвоная шапачка”.

Кіраўнік аддзела сацыяльнага служэння Пакроўскага сабора Яўгеній Кулак паведаміў, што для патрэб хоспіса кафедральны сабор дапамог набыць спецыялізаваную клетку для заняткаў ЛФК.

Прылада дапамагае менш балюча для падапечных пераносіць працэдуры і палягчае працу спецыялістаў. Таксама на ахвяраванні прыхаджанаў сабора і неабыякавых людзей былі набытыя лекі на суму 1000 руб.

З пачастункам для свята дапамагло Гродзенскае дабрачыннае таварыства.

Кіраўніцтва хоспіса падзякавала гасцям за дапамогу і выказала надзею на працяг сумеснай дабрачыннай дзейнасці.

Мікалай БАЙДА