7 красавіка, ў Нядзелю 4-ю Вялікага посту, свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, Бажэственную літургію ў Свята-Вольгінскай царкве пры Пакроўскім саборы горада Гродна здзейсніў духаўнік нядзельнай школы іерэй Аляксей Саўко. З нагоды свята настаўнікі і выхаванцы прыходскай школы падрыхтавалі сімвалічны пачастунак.
Па традыцыі на свята Благавешчання выпускалі птушак у неба як сімвал добрай весткі ад Бога пра нараджэнне Збаўцы, якую архангел Гаўрыіл прынёс Багародзіцы.
Напярэдадні свята Благавешчання выкладчыкі Нядзельнай школы правялі для дзяцей майстар-клас па выпяканні птушачак. Урок удаўся! Захапляльны працэс прыгатавання хоць і зацягнуўся, але вынікам сталі 150 румяных птушачак.
Пасля Літургіі ўсе маленькія прыхаджане атрымалі птушачку як напамін пра свята.
Дарья САНЮКЕВІЧ






















