Свяшчэннамучанік Сергій Радакоўскі нарадзіўся ў 1882 годзе ў сям’і псаломшчыка. Сям’я пражывала ў горадзе Жыткавічы Мінскай губерні. Пасля паспяховага заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі Сергій Радакоўскі прымае сан свяшчэнніка і прызначаецца настаяцелем царквы, асвячонай у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Храм знаходзіўся ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага павета Мінскай губерні. Тут айцец Сергій праслужыў дзесяць год. У гады Першай сусветнай вайны бацюшка Сергій выехаў у горад Пераяслаўль, дзе служыў свяшчэннікам санітарнага поезда, а ў перыяд з 1916 па 1917 гады – палкавым свяшчэннікам.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі айцец Сергій вяртаецца ў горад Мінск і па благаславенні епіскапа Георгія (Ярашэўскага) прызначаецца настаяцелем Свята-Троіцкай царквы ў вёсцы Таль Бабруйскага павета Мінскай губерні (зараз Любанскі раён).
Усё далейшае жыццё айца Сергія стала непарыўна звязана са служэннем на попрышчы духоўнага акармлення прыхаджанаў тальскай царквы.
Пражываючы ў Талі, айцец Сергій няўхільна выконваў свае пастырскія абавязкі, да апошняй магчымасці стараючыся захаваць тут жыццядзейны прыход. Гэта стала асабліва складаным напрыканцы 20-х гадоў у сувязі з празмерна ўзрослым падаходным падаткам, які патрабавалася выплачваць за служэнне ў царкве. З дапамогай празмерна высокага падаткаабкладання ўлады імкнуліся зачыніць храм.
У выніку айца Сергія арыштавалі ў 1930 годзе і за нявыплату падатку адправілі на прымусовую працу па нарыхтоўцы лесу. Знаходзячыся на лесапавале, ён у прыватнай размове неяк сказаў: “…чаму савецкая ўлада не накладае нормы па нарыхтоўцы на равінаў, а ўсё на
святароў?” Гэтыя словы залічыліся яму пазней у “віну”. Шэсць месяцаў айцец Сергій адбываў прымусовую працу, пасля чаго вярнуўся ў Таль і зноў прыступіў да выканання сваіх свяшчэнніцкіх абавязкаў. Да гэтага часу ў яго канфіскавалі дом, і ён вымушаны быў разам з сям’ёй начаваць па суседзях, не маючы нідзе пастаяннага прыстанку. У сувязі з гэтым як не ўспомніць словы Збаўцы: “Лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды; а Сын Чалавечы не мае, дзе галаву прыхінуць” (Мф. VIII, 20).
У лютым 1933 года памёр стараста тальскай царквы па прозвішчы Кошка (імя яго, на жаль, засталося невядомым). Стараста памёр, знаходзячыся ў турме. Адпяваючы на могілках памерлага, айцец Сергій сказаў жанчынам, якія плакалі: “Не плачце, міленькія, ён пакутаваў за Хрыста”.
Стараючыся што б там ні было зноў арыштаваць айца Сергія, улады сталі распаўсюджваць пра яго самыя недарэчныя чуткі. Праз падстаўных асоб яны сцвярджалі, што айцец Сергій чакае праезду праз вёску Таль Рымскага Папы. Канечне, гэта было поўнае, канчатковае глупства. Але такі быў час, што, выкарыстаўшы гэта глупства, у сакавіку 1933 года айца Сергія зноў арыштавалі. На допыце ён сведчыў: “Чуткі пра тое, што будзе ехаць Рымскі Папа па вёсцы Таль, хадзілі, але ад каго чуў, не ведаю, з гэтага толькі пасмяяўся… Узмацненне веравання жыхароў Талі ў Бога, пачынаючы з 1930 г., тлумачу тым, што вернікі бачылі ў мне мучаніка за веру Хрыстову… Агітацыі супраць савецкай улады не праводзіў, віноўным сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні не прызнаю”.
Без суду і следства 21 красавіка 1933 года протаіерэя Сергія Радакоўскага прыгаварылі да расстрэлу. Такі самы прыгавор вынеслі новаму старасце тальскай царквы Аляксею Муравейку, 1874 года нараджэння. Абодва былі забітыя,
прыняўшы пакутніцкую смерць за вызнанне веры ў Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста.
Протаіерэй Сергій Радакоўскі быў далучаны да ліку мясцовашанаваных святых пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.
Памяць – 28 кастрычніка (у Саборы навамучанікаў і вызнаўцаў Беларускіх), 21 красавіка.
Крыніца: Феодар Крыванос, свяшчэннік. Навамучанікі Мінскай епархіі (1 палавіны ХХ стагоддзя). – Мн. 2002








