Прэзентацыя кнігі паэзіі Анатоля Брусевіча "КРЫЛЫ" адбылася ў Пакроўскім саборы



Дзве кнігі паэзіі выйшлі ў Гародні ў гэтым годзе і прэзентаваліся ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора. Гэта кніга, прысвечаная творчасці вядомага гарадзенскага паэта Лейба Найдуса, які памёр у далёкім 1918 годзе. І кніга " Крылы" сучаснага гарадзенскага паэта Анатоля Брусевіча. Анатоль Аляксандравіч - слынны аўтар і сапраўдны майстар вершаванага слова, рэдактар паэтычных зборнікаў "Каложскі дабравест", перакладчык, літаратуразнаўца, выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы. 



Мабыць спякотны дзень 24 чэрвеня не найлепшы час для літаратурных імпрэз, але мы ўдзячныя ўсім гарадзенцам, якія прыйшлі  раздзяліць радасць выхаду новай кнігі. 

Добрыя словы  віншавання прагучалі ад рэдактара кнігі Марыны Шепелевіч, дырэктара выдавецтва "ЮрСаПрынт" Аляксандра  Рыжага і старшыні абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Янкі Трацяка. З музычнымі віншаваннямі выступілі вядомы гарадзенскі музыка і кампазітар Уладзімір Захараў і яго вучні - студэнты ГрДУ. 



За апошнія гады многа цікавых сустрэч адбылося на культурнай пляцоўцы Свята-Пакроўскага сабора: разглядалася творчасць Высоцкага, Галіча, Гумілёва, Міцкевіча, Багдановіча, Караткевіча, Ясеніна, усіх  Народных паэтаў Беларусі - Купалы, Коласа, Броўкі, Панчанкі, Куляшова, Танка, Гілевіча, Барадуліна; праходзілі прэзентацыі часопісаў "Новы замак", кніг Валянціна Дубатоўкі і Алы Петрушкевіч, зборнікаў "Каложскі дабравест", і вось прыйшоў час для самабытнага гарадзенскага дэкадансу, яскравым прадстаўніком якога з'яўляецца спадар Анатоль. 



Цікавай нечаканасцю для ўсіх удзельнікаў з'явіўся госць, які завітаў на апошнія акорды імпрэзы - епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. 



Уладыка абяцаў не быць у баку ад творчых падзей і далучыцца да слаўных традыцый культурнага жыцця Гародні, чым супакоіў і абнадзеіў прадстаўнікоў гарадзенскай інтэлігенцыі, што мастацкі  дыялог паміж інтэлігенцыяй і духавенствам , пачаты праз благаслаўленне архіепіскапа Арцемія, прадоўжыцца. 

Віншуем Анатоля Брусевіча з выхадам кнігі і зычым новага натхнення!

Іерэй Павел КАСПЯРОВІЧ