23 лістапада перастала біцца сэрца вядомага віляйчаніна, архітэктара і краязнаўцы Анатоля Іванавіча Капцюга, аўтара праектаў царквы Св. Вольгі і вадасвятнай капліцы Свята-Пакроўскага сабора горада Гродна.
“Ствараць не толькі для сучаснікаў, але і дзеля будучых пакаленняў” – такім было яго жыццёвае крэда.
Анатоль Іванавіч Капцюг – сябра саюза архітэктараў СССР, СНД, Беларусі, вядомы беларускі архітэктар, мастак, краязнаўца, які нарадзіўся 13 снежня 1951 года ў вёсцы Урэчча Вілейскага раёна, хаця афіцыйная яго дата нараджэння – 3 студзеня 1952 года. Першыя свае гады жыцця ён правёў на хутары свайго дзеда ва Урэччы, а затым пераехаў у Вілейку. Ён карэнны віляйчанін, які ўсе свае юнацкія гады правёў на вуліцы Дзяржынскага, сюды ж вярнуўся і ў сталыя гады, каб даглядзець састарэлых бацькоў. Нават ад прапаноў новых і ўладкаваных кватэр ён адмаўляўся, так і не прадаўшы сваю бацькоўскую сядзібу, што засталася месціцца як быццам згубленай у “каменных джунглях” пасярод шматпавярховага мнагакватэрнага дома і будынка Дома быту.
Анатоль Капцюг скончыў архітэктурны факультэт, кафедру “Жылыя і грамадскія будынкі” Беларускага політэхнічнага інстытута (1977). Працаваў у праектным інстытуце “Гроднаграмадзянпраект” архітэктарам, а потым і кіраўніком групы архітэктараў. Павышаў кваліфікацыю ў Маскоўскім архітэктурным інстытуце. Анатоль Іванавіч з’яўляўся галоўным архітэктарам праектаў, кіраўніком праектаў інстытута “Белспецпраектрэстаўрацыя”, кіраўніком творчай праектнай майстэрні ўсесаюзнага аб’яднання “Архіпраект” пры Саюзе архітэктараў СССР, галоўным архітэктарам праектнай майстэрні “Арніка” і ЗАТ “Вант”. Ён аўтар бальш за 50 індывідуальных жылых, грамадскіх і культавых будынкаў, генпланаў мікрараёнаў, пасёлкаў, аб’ектаў добраўпарадкавання, рэстаўрацыі, малых форм архітэктуры, дэкаратыўнага мастацтва, а таксама мастацкага афармлення былой экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея. Сярод яго работ – праекты пасёлкаў для перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, шматпавярховых дамоў жылых мікрараёнаў гарадоў Беларусі, аддзялення дзяржбанка ў Навагрудку, жылога корпуса Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, праект добраўпарадкавання дзіцячага санаторыя “Беларусь” у г.Друскенінкай, Літва, праект рэстаўрацыі помніка архітэктуры 16 стагоддзя царквы Барыса і Глеба ў Навагрудку, праект царквы Св. Вольгі і вадасвятнай капліцы Пакроўскага сабора ў Гродна, касцёлаў у в.Азёры і в.Калеты Гродзенскага раёна, Благавешчанскага сабора з ніжняй царквой Трох Віленскіх Пакутнікаў у г.Ваўкавыску, памятнага знака воінам Заходняга фронту “Навагрудскага катла” і многіх іншых.
Прыход Свята-Пакроўскага кафедральнага сабору выказваем спачуванне родным і блізкім.











