"Ты яшчэ на зямлі, а цябе ўжо ахінаюць райскія спевы": вечар паэзіі ў межах “Каложскага дабравесту”

18-га лютага 2020 года ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора адбыўся вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. Гэта мерапрыемства стала ўжо неад’емнай часткай фестывальнай нядзелі. Сёлета на гэтым вечары адбылася прэзентацыя 2-га паэтычнага зборніка “Каложскі дабравест”.

Вечарына пачалася з выканання малым складам архіерэйскага хора песнапення “Магутны Божа”. А затым вядучы і аўтар ідэі паэтычнай кнігі святар Павел Каспяровіч расказаў пра гісторыю стварэння другога па ліку зборніка (першы быў выданы ў 2017 годзе).

Зборнік змяшчае вершы дзевяці прафесійных літаратараў Гродзеншчыны. Сярод іх – паэт, літаратуразнавец і рэдактар вышэй згаданага зборніка Анатоль Брусевіч; паэт і празаік са Шчучына Рычард Бялячыц; паэт і бард Андрэй Мельнікаў; паэтка і літаратурны крытык Ала Нікіпорчык; маладая паэтка і настаўніца сярэдняй школы г.Гродна Аліна Паўлоўская, якую прыйшлі падтрымаць яе вучні; вядомая паэтка і перакладчыца Данута Бічэль. Яны падзяліліся сваімі думкамі наконт сенняшняга становішча паэзіі і адносін да слова і, канешне, пачыталі для слухачоў свае вершы.

Так, Анатоль Брусевіч падкрэсліў, што такіх кніг не хапае сёння. Бо ў цяперашні час “штампуюцца” тысячы кніг, мы акружаны тамамі нізкапробнай літаратуры і паэзіі. Так адбываецца абясцэньванне слова, яно страчвае сваю дакладнасць, глыбіню, сваё гучанне, адбываецца марнаванне літаратурнага густа. “Наша мэта – змагацца супраць гэтай павальнай дэвальвацыі мастацкага слова”, - сказаў ён.

Таксама ў зборнік увайші вершы святара Паўла Каспяровіча, адзін з якіх прачытала са сцэны дзяўчынка з нядзельнай школы. Вядомы паэт, філосаф і манах, удзельнік штогадовых літаратурных сустрэч Алег Бембель таксама ўдзельнічаў у вечарыне, але незвычайным спосабам: не маючы магчымасці прыехаць, ён прыслаў сваё звяртанне да слухачоў у выглядзе відэазапісу.

Галоўнымі канцэпцыямі зборніка айцец Павел называе хрысціянства, якасную паэзію і сумяшчальнасць, гармонію аўтараў паміж сабой. А таксама – валоданне беларускай мовай. Не тое, каб рэдакцыенная калегія грэбавала рускай мовай, але вырашылі гэты зборнік прысвяціць цалкам творам на роднай мове.  

Адна з паэтак, Ала Нікіпорчык, прысвяціла верш сваім уражанням ад конкурсных праслухоўванняў фестываля:

Ты яшчэ на зямлі,

а цябе ўжо ахінаюць райскія спевы.

Ты то паміраеш,

то ўваскрасаеш,

то з вачэй пырснуць слёзы-расінкі,

то палыхне святлом-зарніцай.

З гэтай шчаслівай ірэальнасці

Раптам мільгае думка:

Ах, каб было так заўсёды.

Забываюся на тое,

што трэба здабыць права.

Хоць якое тут права!

Божую літасць – на вечнасць.

Галасы змяняюцца галасамі:

то працяжна-мінорныя – рускія,

то глыбінныя

аж да страху – занадта родныя, сербскія,

то гартанна-магутныя – армянскія.

Вяртаючыся дадому – з раю,

едучы аўтобусам

зусім нечакана вырашаю:

паеду ў Сербію,

буду слухаць царкоўныя спевы і народныя песні,

буду мець прадаўжэнне Каложскага Дабравесту.

Адной з мэт выдання гэтага паэтычнага зборніка як раз і з’яўляцца працяг фестываля – у шматлікіх прэзентацыях у розных гарадах, для рознай аудыторыі. І ў першую чаргу – для сваіх, гродзенцаў. Так, першая пасля сенняшней прэзентацыя адбудецца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце 21 лютага ў 13:30 па адрасе вул. Ажэшкі, 22, аўд. 116 (навуковая бібліятэка).

У бліжэйшы час відэазапіс з вечарыны з’явіцца на сайце епархіі.

Святлана Паўлюкевіч

Фота: Мiкалай БАЙДА