Пра стварэнне тэатра-батлейкі распавяла кіраўніца дзіцячай іканапіснай студыі “Пакроў”

13 студзеня 2019 года на Калядным балі нядзельнай школы Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Гродна” арганізавалі пастаноўку тэатра-батлейкі. Гісторыяй з’яўлення новай гродзенскай батлейкі з намі падзялілася Дар’я Пестунова, кіраўніца дзіцячай іканапіснай студыі “Пакроў” пры кафедральным саборы:

“Ідэяй тэатра-батлейкі я жыла шмат гадоў, стварала яе ў сваіх марах, але нават не ўяўляла, як усе задумы і ўяўныя эскізы звязаць у адно. Ды і канструктыўную частку мне, як жанчыне, стварыць і прадумаць было б досыць праблематычна. Відаць, усяму свой час і на ўсё воля Божая. Званок настаўніцы са школы майго малодшага сына (сярэдняя школа № 6 г. Гродна) з прапановай удзелу ў конкурсе мабілізаваў і сабраў усе думкі ў адзінае цэлае.

З дырэктарам і завучам школы было вырашана запрасіць да ўдзелу бацькоў і творчых дзяцей. Сродкі, матэрыялы, клас для ўрокаў працы – усё было аператыўна прадастаўлена школай. Нямала дзён і вечароў пайшло на распрацоўку канструктыўных асаблівасцяў доміка, выверанасць памераў і маштаб фігур, выпільванне і шліфаванне. А далей была вольная творчасць.

Было праведзена трое заняткаў у школе, дзе дзеці з непрытоеным захапленнем расфарбавалі і падрыхтавалі ўсе дэталі праекта. Час падціскаў, усё давялося загрузіць у маю майстэрню і амаль невылазна апошні тыдзень дэкарыраваць, маляваць дэталі, лакіраваць, збіраць і разбіраць батлейку, даточваць яе.

Асобны этап і вялікі аб’ём работы – гэта светлавая частка і ўнутраная падсветка доміка. Усё было завершана літаральна ў апошнюю ноч перад праглядам, бліжэй да раніцы. Прадстаўнікі аддзела адукацыі засталіся вельмі задаволенымі вынікамі сумеснай працы, афармленнем зала, сцэны, выдатнай ігрой юных чытальнікаў-артыстаў.

Батлейка ў далейшым зможа не толькі прыняць удзел у тэматычных конкурсах, але і данесці радасць Нараджэння Хрыстова і прыгожую народную традыцыю ў дзіцячыя сады, школы і бальніцы.

Дар’я ПЕСТУНОВА, фота Аляксей ЮНАШАЎ