Сафійскае брацтва пры Пакроўскім саборы здзейсніла паездку ў Санкт-Пецярбург

З 2 па 6 жніўня 2021 года Сафійскае моладзёвае брацтва пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна ажыццявіла даўнюю мару - паездку ў Санкт-Пецярбург.

Дарога была доўгай, але вельмі вясёлай. Па прыбыцці ў Санкт-Пецярбург нас размясцілі ў гасцініцы Аляксандра-Неўскай Лаўры і прынялі вельмі гасцінна. Мы пабывалі ў многіх значных месцах, такія як Ісакіеўскі і Казанскі саборы, храм іконы Божай Маці "Фёдараўскай", храм Вялікапакутніцы Кацярыны.

Вядома ж была экскурсія на цеплаходзе па Няве, з якой адкрываецца цудоўны від на горад. Таксама наведалі Пецергоф, памаліліся каля мошчаў блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, наведаліся ў Рускі музей і Эрмітаж.

Асабліва запамінальным стаў начны развод мастоў.

Надвор'е нас не падвяло, было сонечна, таму мы шмат хадзілі пешшу (каля 20 км у дзень). Складана сказаць, дзе нам спадабалася больш за ўсё. Пітэр прыняў нас з распасцёртымі абдымкамі, накарміў цялесна і духоўна, парадаваў ўсім, чым мог. Гэтая паездка застанецца ў нашых фотаздымках і сэрцах.

Шчыра дзякуем усім, хто прымаў удзел у гэтай паездцы. Дай Бог, каб такія мерапрыемствы працягваліся, а наша моладзевае брацтва квітнела і папаўнялася новымі асобамі.

Яўгенія СТУБЕДА