Нядзельныя пропаведзі. Пакроўскі сабор, Нядзеля 35-я па Пяцідзесятніцы (пра ацаленне сляпога Варцімея)

7 лютага 2021 года ў Нядзелю 35-ю па Пяцідзесятніцы пропаведзі ў Свята-Пакроўскім саборы горада Гродна прамовілі іерэй Міхаіл Перац (ранняя літургія) і протаіерэй Георгій Рой (на позняй Боскай літургіі).

Вар'яцкі крык відушчай веры вяртае зрок сляпым вачам!

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

- Ііус, Сын Давідаў, памілуй мяне! – лямантуе што ёсць сілы сляпы, каля варот горада Іерахона. Але гэта не крык трызнення нейкага вар'ята. Гэта крык глыбокай веры. Гэта абвяшчэнне цуду прышэсця ў свет Месіі-Хрыста. Гэта крык вызнання: Іісус з Назарэта ёсць менавіта той самы Сын Давіда, прышэсце якога абвяшчалі ўсе прарокі. Той, пра каго сам Давід прамовіў прароцтва: «Сказаў Гасподзь Госпаду майму, сядзі праваруч Мяне».

Чаго ж ён так лямантуе, гэты сляпец? Бо людзі, якія ішлі за Іісусам не жадаюць, каб Хрыстос пачуў яго.

- «Замаўчы!», - кажуць яны.

-Ты не своечасова і нягжэчна звяртаешся да настаўніка.

- Ўсё ўжо, Ён прайшоў міма. Хопіць драць горла! Сціхні, нарэшце!

Але што саромецца сляпцу-жабраку?! Побач той самы Мессія, пра якога прарокі казалі, што Ён будзе ацаляць нават сляпцоў. Дзеля гэтага можна пабыць і вар'ятам, каб звярнуць Яго увагу на сябе і сваю хваробу. Гарачая вера сляпца падказвае, што ён па просту не мае права страціць такую магчымасць. І вось жа, голас аднаго перакрычаў такі ўвесь шумны натоўп.

Іісус пачуў і падыйшоў. Гучаць вялікія словы Месіі: «Вера твая ўратавала цябе». Вось яно Божае святло і Божы свет! Вар'яцкі крык відушчай веры вяртае зрок сляпым вачам!

Евангелле заўсёды жывое, ва ўсе часы. Жывое яно і цяпер. Давайце пашукаем сябе ў гэтым аповедзе. Вось мы з вамі ў натоўпе, які суправаджае Хрыста. Мы сапраўды вельмі падобныя да тых людзей. Бо праўда ж, мы лепш за Хрыста ведаем, каму, як і калі з Ім трэба размаўляць. Мы лепш за Бога ведаем, каму належыць уратаванне, а каму ісці ў пекла. Нам дакладна вядома хто святы, а хто грэшнік. Мы ведаем як сябе трэба паводзіць у Божым доме і калі бачым тых, хто парушае нашыя правілы і традыцыі, то недазволім парушыць наш парадак. Каму трэба, то і рот заткнём, кааб не дакучалі нам і Хрысту. Гасподзь – гэта Гасподзь і Яму займацца гэтымі справамі не пасуе. Для таго мы і пакліканы Богам, каб дапамагчы Яму разабрацца ў складанасцях гэтага свету і ў людзях. Нявартых да Бога не дапусцім! Да выканання сваіх абавязкаў аднясёмся з усёй сур'ёзнасцю.

Але вось, раптам усё змянілася. Мы хворыя, самотныя і прыніжаныя. Перад намі дасужыя спадарожнікі Хрыста, якія важна нас павучаюць і затыкаюць нам рот, цыкаюць і адштурхваюць… Што рабіць? Сённяшняе евангелле дае дакладны адказ – лямантаваць і юродстваваць! За права быць з Хрыстом трэба змагацца! А людзі, кім бы яны не былі, няхай сабе гавораць, няхай цыкаюць, няхай смяюцца і адштурхоўваюць. Хрыстос заўсёды пачуе малітоўны крык адчайнай веры! Амінь.

Мікалай БАЙДА, Юрый ШАРАЙ