Пра гісторыю кніжнага фонду Жыровіцкага манастыра распавёў клірык сабора ў Дзень праваслаўнай кнігі ў Шчучыне

19 сакавіка 2020 года ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі адбылося свята “Мудрасць набываем ад слоў кніжных”, прысвечанае Дню праваслаўнай кнігі. У інфармацыйна-выставачным зале бібліятэкі сабраліся святары Шчучынскай акругі на чале з благачынным святаром Аляксандрам Пасцярнякам, работнікі ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”, бібліятэкары Шчучынскага раёна, гісторыкі, прыхаджане і актыўныя чытачы.

У цяперашнім 2020 годзе ў Беларусі адзначаецца 550-годдзе яўлення Жыровіцкай іконы Маці Божай і 500-годдзе з дня заснавання абіцелі.

Гэта знамянальная вяха не толькі для Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і значная падзея для культурнага жыцця краіны. Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр мае няпростую гісторыю, якая на працягу пяці стагоддзяў была цесна звязана з гісторыяй станаўлення і развіцця Беларусі. Нягледзячы на ўсе нягоды і ліхалецці, што выпалі на долю святынь, у цяперашні час святая абіцель і цудатворная ікона Маці Божай даступныя для малітваў і пакланення.

Пра гісторыю Жыровіцкага Успенскага манастыра ў 1410-1618 гг. распавёў у сваім навуковым дакладзе протадыякан Павел Бубноў, кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі і акадэміі.

Цікавым і трагічным аказаўся лёс не толькі манастыра, але і яго бібліятэкі, пра што ў сваім навуковым дакладзе на тэму “Да пытання пра гістарычнае вывучэнне кніжнага фонду бібліятэкі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра” распавёў протаіерэй Уладзімір Барысевіч, клірык Свята-

Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, загадчык сектара прыходскіх бібліятэк Гродзенскай епархіі.

І, разумеецца, усіх слухачоў крануў лёс рэдкіх кніг, пра якія распавёў айцец Уладзімір і якія калісьці былі ўласнасцю Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, а сёння, на жаль, знаходзяцца, у іншых краінах.

Хай сабе ў электронным фармаце, але кожны змог пабачыць кнігі, якія былі надрукаваны сотні год таму. Як адзначыў айцец Уладзімір, манастырскія кнігі ўзбагацілі многія айчынныя і замежныя бібліятэкі, але яны працягваюць прыцягваць увагу даследчыкаў, хоць у гісторыі самой бібліятэкі застаецца яшчэ нямала непрачытаных старонак. Змагчы прачытаць і захаваць гэтыя старонкі Жыровіцкіх кніжных фондаў – наш нямалаважны абавязак”.

Увагу прысутных прыцягнула выступленне бібліятэкара першай катэгорыі Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Сцяпанчанка Ганны Аляксандраўны пра тое, якая краязнаўчая праца вядзецца калектывам і што рабілася для аднаўлення гісторыі мясцовага храма – царквы Праабражэння Гасподняга.

Таксама на працягу ўсяго тыдня ў інфармацыйна-выставачным зале раённай бібліятэкі г. Шчучына працавала кніжная выстава.

Сярод кніг з бібліятэчнага фонду храма Святога Архангела Міхаіла горада Шчучына, якія выклікалі асаблівы інтарэс сярод наведвальнікаў, – факсімільнае выданне рукапіснага Слуцкага Евангелля 1582 года, рэдкія кнігі XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў.

Сустрэча ў раённай бібліятэцы прайшла ў асабліва цёплай і сяброўскай атмасферы. Гучалі малітвы і песнаспевы ў выкананні народнага ансамбля духоўнай музыкі “Праабражэнне” (рэгент Руткевіч Алена Анатольеўна). Усе, хто прыняў удзел у дадзеным мерапрыемстве, засталіся ўражанымі гэтай сустрэчай. Цікавыя гістарычныя звесткі дакладчыкаў і знаёмства з новымі кнігамі натхняюць і ўзбагачаюць духоўна.

 

Чырвонай ніткай прайшла праз усё мерапрыемства думка: “Жыровічы – гэта сэрца Беларусі! Так няхай жа гэта сэрца б’ецца заўсёды і ўзносіць свае малітвы за родную зямлю, за свой народ”.

Протаіерэй Уладзімір БАРЫСЕВІЧ