Пра ўплыў мультфільмаў на выхаванне дзяцей распавяла ва ўніверсітэце сям’і “Радзіна” кандыдат педагагічных навук Марына Салтыкова-Ваўковіч

8 сакавіка 2020 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна адбылася адукацыйная размова: “Педагагічныя аспекты ўплыву мультфільмаў на выхаванне дзяцей”. Лектарам выступіла дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ГрДзУ імя Янкі Купалы, кандыдат педагагічных навук Марына Салтыкова-Ваўковіч.

У сучасным грамадстве ў сувязі з развіццём тэхнічных магчымасцей павялічваецца ўплыў сродкаў масавай інфармацыі на дзяцей. У лекцыі былі прадстаўлены псіхалагічныя і педагагічныя кірункі ўплыву на дзяцей мультфільмаў. Пры выбары дзіцячага мультфільма бацькам трэба быць больш асцярожнымі, чым, да прыкладу, пры выбары кнігі, бо зрокавыя вобразы і гукі дзейнічаюць на дзіця намнога мацней.

Станоўчае ўздзеянне анімацыі пры правільным падборы мультфільмаў можа садзейнічаць разняволенню ўяўлення дзіцяці, развіццю творчага патэнцыялу, удасканаленню навыкаў зносінаў і сацыялізацыі ў цэлым.

Былі прааналізаваны некаторыя папулярныя мультфільмы, вылучаны небяспечныя для свядомасці дзіцяці прыкметы. Бацькі пазнаёміліся з метадамі сумеснага з дзецьмі аналізу анімацыйных фільмаў.

Тэма сустрэчы 15 сакавіка – “Псіхалагічныя асаблівасці падлеткаў і юнакоў, схільных да аўтадэструктыўных дзеянняў”. Вядоўца – кандыдат псіхалагічных навук Ганна Янчый.

Марына САЛТЫКОВА-ВАЎКОВІЧ, фота: Мікалай БАЙДА