1 сакавіка 2020 года ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора горада Гродна адбылася сустрэча з арганізатарамі выставы “Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай” і жывымі сведкамі Божай дапамогі па малітвах святой старыцы, асабліва шанаванай у нашай айчыне.
Гасцей прывітаў настаяцель храма протаіерэй Георгій Рой. Затым сваімі асабістымі ўражаннямі ад знаёмства са святым чалавекам і ўспамінамі родных і блізкіх людзей падзяліліся ўдзельнікі сустрэчы.
Хтосьці з іх жыве побач з месцам пахавання і заўсёды даглядае магілку, іншыя ведаюць з дзяцінства. Мужчына дзякаваў за нараджэнне сына пасля 5 год бяздзетнага шлюбу.
Удава франтавіка-разведчыка Напалеона Рыдзеўскага, аўтара “Парашуты на дрэвах” (аднайменны фільм зняў рэжысёр Іосіф Шульман на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1973 годзе), распавяла пра малітоўнае заступніцтва святой старыцы за яе мужа ў гады ВАВ і паказала сапраўдную карту, якой карысталася разведгрупа ў часе выканання спецзадання на працягу аперацыі па вызваленні Беларусі.
Вядучая праграмы “Святло душы” 1-га канала Беларускага радыё Людміла Мітаковіч распавяла пра асабістую сустрэчу ў дзяцінстве і аб праграмах, прысвечаных блажэннай Валянціне Мінскай.
Акрамя таго, былі і малітоўныя песні, якія сачыняла старыца і сардэчная цеплыня прастаты, у якой рассейваецца дым недаверу і запальваецца агонь веры. Веры ў рэальнасць ачышчэння, асветы і абагаўлення для чалавека па трыадзінстве самаахвяравання, заступніцтва святых і любові Божай да нас грэшных.
Избранной Богом на сохранение веры Православныя во дни гонений на земли Отечества нашего, хвалебное приносим ти пение, блаженная мати наша Валентино. Ты же, яко имущая дерзновение ко Господу, избави нас от зол душевных и телесных, да со умилением зовем ти:
Радуйся, блаженная Валентино, всех приходящих к тебе скоро утешающая.
Мікалай БАЙДА

























