“Мова ў люстэрку сучаснай культуры: аксіялагічны аспект” – лекцыю ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” правяла філосаф Сняжана Семярнік

1 сакавіка 2020 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна адбылася сустрэча з дацэнтам, кандыдатам філасофскіх навук Сняжанай Семярнік, якая прачытала слухачам лекцыю на тэму: “Мова ў люстэрку сучаснай культуры: аксіялагічны аспект”.

Лектар выказала думку пра тое, што мова ёсць адным з найважнейшых фактараў развіцця грамадства і чалавека. Змены, што адбываюцца ў сферы мовы, самым сур’ёзным чынам уплываюць на жыццё. Слова – адзін з найвялікшых дароў, які адрознівае чалавека ад жывёл. Яно валодае вялікім пераўтваральным патэнцыялам. Дастаткова прыгадаць, што згодна з хрысціянскім светапоглядам, Бог ёсць Слова. Іісус Хрыстос – Слова, што прыняло плоць і пераўтварыла яе сваёй Боскай сілай. Падобна да гэтага і словы, сказаныя чалавекам (вусна ці пісьмова), здольны выяўляцца ў справах, прымаць выгляд арэчаўленых прадметаў, уладкоўваць наша жыццё, згодна з закладзенымі ў іх задумамі.

У ХХ стагоддзі грамадства ўсвядоміла, які вялікі патэнцыял мае славеснасць у справе пераўтварэння рэчаіснасці, пагэтаму сёння пытанню моўных трансфармацый надаецца асаблівая ўвага. Якія ж найважнейшыя змены адбываюцца сёння з мовай?

Сучасныя тэндэнцыі:

  • Вульгарызацыя (жарганізацыя) мовы
  • Тэндэнцыя замены словаў жаночага роду, што прымяняюцца ў адносінах да жанчын, на словы мужчынскага роду
  • Экспансія іншамоўных словаў (у большасці сваёй англіцызмаў)
  • Абясцэньванне (дэвальвацыя) высокіх стыляў мовы

Названыя тэндэнцыі маюць самае прамое дачыненне для грамадства і чалавека, паколькі яны мяняюць карціну рэальнасці, у якой чалавек жыве. Для чалавека свет такі, якім ён апісвае яго з дапамогай мовы.

Аналізуючы пералічаныя тэндэнцыі моўных трансфармацый, лектар паказала, што вульгарызацыя мовы ажыццяўляецца некалькімі спосабамі: напаўненне нізкімі сэнсамі агульнаўжывальных словаў (напрыклад, слова ў рускай мове, якое яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму мела агульнавядомае тлумачэнне, як “тое, што ажыццяўляе якое-небудзь дзеянне з моцным трэскам, грукатам, шумам”, якое лічылася не больш, як сінонім да словаў “ударыцца”, “стукнуцца”, сёння мае зусім іншы падтэкст, у выніку чаго лічыцца непрыстойным яго прамаўляць услых); наступны спосаб – актыўнае развіццё слэнгавага маўлення, асабліва ў асяроддзі моладзі. Узнікненне слэнгавых словаў адбываецца або шляхам усячэння зыходных словаў культурнага маўлення (напрыклад, замест слова “рэпетытар” гаворыцца “рэпік”, замест слова “дырэктар” – “дзірык” і г.д.) або праз стварэнне словаў, выкарыстоўваючы іншамоўную аснову (напрыклад, “ізі” – проста, лёгка, “кул” – добра, “к’ютна” – міленька і г.д.). У выніку такога моўнага спрашчэння / усячэння словаў непазбежна абясцэньваюцца і адносіны да тых з’яў і прадметаў, якія слэнгавыя словы імянуюць. Адносіны да “рэпетытара” зусім іншыя, чым да “рэпіка”. Яшчэ адзін спосаб вульгарызацыі мовы – спроба ўзаконіць для публічнага выказвання ненарматыўную лексіку.

Наступная тэндэнцыя – выцясненне словаў жаночага роду, якая актыўна развіваецца яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя, калі на руінах аграрнай Расійскай імперыі стваралася

савецкая індустрыяльная дзяржава, якая бачыла жанчыну, перш за ўсё, як “вытворчую адзінку”, а не як ахоўніцу хатняга агменю, любячую маці і жонку. Адсюль жанчына – дырэктар, пілот, праграміст, мэнэджар і г. д. Адмова ад ужывання словаў жаночага роду ў мове там, дзе гаворка вядзецца пра жанчын, садзейнічае таму, што і ў дзеяннях сціраюцца адрозненні паміж мужчынскім і жаночым тыпамі паводзінаў.

Асаблівую небяспеку, на думку лектара, для нацыянальнай самасвядомасці народа, для захавання яго культурных і духоўных каштоўнасцей уяўляе экспансія іншамоўных словаў, пераважна англійскіх. Нягледзячы на тое, што, згодна з навуковымі дадзенымі, па колькасці носьбітаў англійская не ёсць самай распаўсюджанай у свеце мовай (напрыклад, кітайская і хіндзі далёка яе апярэджваюць, іспанская мае прыкладна такую ж колькасць носьбітаў), аднак ён актыўна пранікае ў штодзённую практыку неангламоўных народаў, прэтэндуе на ўніверсальнасць. І гэта невыпадкова. Англійская імкнецца стаць сусветнай, наднацыянальнай мовай і ствараць карціну рэальнасці, у якой галоўнымі крытэрыямі годнага жыцця ёсць багацце, поспех, слава, кар’ерны рост і г. д. Менавіта пра гэта паведамляюць рэкламныя ролікі, што заклікаюць людзей вывучаць англійскую мову. Запыт на адзіную сусветную мову дыктуе працэс глабалізацыі, які разумеецца як аб’яднанне краін і народаў на аснове адзінства эканомікі. Такое аб’яднане народнаў праз адзіную мову паводле крытэрыю пагоні за мамонай (багаццем) актыўна супрацьпастаўляецца хрысціянскай карціне свету.

Хрысціянства ўяўляе сабой універсальную рэлігію, у якой Бог не звяртае ўвагі на асобы (Ён ратуе ўсіх, хто звяртаецца да Яго). У Пасланні апостала Паўла да Галатаў гаворыцца: “Усе вы, што хрысціліся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.

Няма ўжо ні іудзея, ні язычніка; няма ні раба, ні свабоднага; няма мужчынскага полу, ні жаночага; бо ўсе вы адно ў Хрысце Іісусе”. Лектар падкрэсліла, што сучасны свет праз апісаныя тэндэнцыі мовы спрабуе стварыць пародыю на нормы, прынесеныя ў свет хрысціянствам. Больш за тое, сучасная культура спрабуе выцесніць са свайго традыцыйнага месца царкоўнаславянскую мову. Царкоўнаславянская мова, як асаблівая мова набажэнства, не тоесная ні адной славянскай мове, яднае народы славянскай групы.

У адрозненне ад англійскай мовы яна яднае народы не на аснове імкнення да зямнога багацця, але на духоўнай аснове, сумеснага (саборнага) служэння Богу. Прыедзе чалавек, да прыкладу, на Балканы, зойдзе ў царкву ў Чарнагорыі, Сербіі і да т.п. і пачуе родную царкоўнаславянскую мову, дзякуючы якой зможа ва ўсёй паўнаце далучыцца да саборнага адзінства ў малітве. Царкоўнаславянская мова адрозніваецца высокім стылем, якім не валодае ні адна нацыянальная славянская мова. Напрыклад, калі мы чуем выразы “Господь идёт” і “Господь грядет” у нас узнікае зусім два розныя сэнсавыя ўражанні і разуменне сітуацыі. Ці прыклад, які прыводзіў лінгвіст, фалькларыст Мікіта Ільіч Талстой: калі перакласці на рускую мову фразу “устами младенца глаголет истина”, мы атрымаем “ртом ребёнка говорит правда”. Безумоўна, мова, на якой чалавек звяртаецца да Бога, павінна адрознівацца максімальнай вышынёй. Стылістычнае паніжэнне мовы ёсць зусім не бяскрыўдным, бо разам з паніжэннем стылю выказвання, мы паніжаем адносіны да таго, што выказваецца. Яно выходзіць з зоны ўрачыстасці, асобасці, “неадмірнасці” і трапляе ў сферу будзённага, прафаннага.

У заключэнне лектар падкрэсліла, што мы не павінны абыякава ставіцца да тых негатыўных тэндэнцый, якія

маюць месца сёння ў сферы мовы, але супрацьпастаўляць ім высокую культуру слова, захоўваючы тое найлепшае, што ў нас ёсць, не трацячы, але павялічваючы слоўную спадчыну.

Сняжана СЕМЯРНІК, фота: Мікалай БАЙДА

8 сакавіка 2020 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу: “Псіхалагічныя асаблівасці падлеткаў і юнакоў, схільных да аўтадэструктыўных дзеянняў”. Лектар – псіхолаг Ганна Янчый. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.