Маладзёвае брацтва Пакроўскага сабора прыняло ўдзел у злёце праваслаўнай моладзі БПЦ

Па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Паўла, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, з 21 па 23 лютага ў Мінску адбыўся штогадовы зімовы злёт праваслаўнай моладзі БПЦ, у якім братчыкі Свята-Сафійскага брацтва пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы прынялі актыўны ўдзел.

У самім злёце прынялі ўдзел каля 200 чалавек з розных куткоў Беларусі. Цэнтральнай падзеяй імпрэзы стала начная Боская літургія апостала Іакава ў Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска, дзе ўсе прынялі Прычасце Святых Хрыстовых Тайнаў. Моладзі асабліва спадабалася тое, што на Літургіі быў народны спеў і можна было цалкам адчуць сябе часткай набажэнства.

Асноўнымі тэмамі на злёце сталі: свабода і адказнасць, хрысціянская сям’я і “Хрыстос – цэнтр хрысціянскага жыцця”. Галоўным госцем злёту стаў вядомы місіянер, сектавед і багаслоў протаіерэй Алег Сцяняеў (г. Масква), які выступіў на злёце з тэмай “Чаму праваслаўе?”.

У суботу вечарам для ўдзельнікаў злёту быў арганізаваны канцэрт і экскурсія па вячэрняй сталіцы Беларусі.

Дзякуем усім арганізатарам, валанцёрам і ўдзельнікам злёту за магчымасць маладым людзям з розных куткоў Беларусі правесці час з карысцю і адчуць сябе часткай вялікай хрысціянскай сям’і.

Ліна Мартыненка