Адкрыццё выставы “Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай” адбылася ў Пакроўскім саборы

17 лютага 2020 года ў актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна адбылася першая імпрэза ХІХ Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнаспеваў “Каложскі Дабравест” – адкрыццё выставы “Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай”.

Пасля малебну, служэнне якога ўзначаліў гродзенскі благачынны протаіерэй Аляксандр Велісейчык, слова прадаставілі Уладзіміру Чурбакову, суарганізатару экспазіцыі.

Цалкам выстава ўключае ў сябе 35 карцін, напісаных у перыяд правядзення ІІІ Міжнароднага мастацкага пленэра “Святасць зямлі Беларускай”, прысвечанага блажэннай Валянціне Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі, а таксама 80 фотаздымкаў, якія адлюстравалі зямное жыццё святой Валянціны Мінскай і гісторыю народнага шанавання святой старыцы.

Экспазіцыя будзе даступнай для азнаямлення ў актавай зале найбліжэйшыя некалькі тыдняў, а 1 сакавіка, са слоў арганізатараў, плануецца сустрэча ў актавай зале, на якую будуць запрошаны сведкі заступніцтва і дапамогі ад Госпада па малітвах блажэннай старыцы. Сачыце за анонсамі.

Святая Валянціна Мінская – першая ў гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы падзвіжніца, далучаная да ліку святых у чыне блажэнных. Кананізавана Валянціна Сулкоўская была ў 2006 годзе па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта праз сорак год па смерці.

Мікалай БАЙДА, Юрый ШАРАЙ​