Братчыкі праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” наведалі прыход у гонар Усекнавення главы Іаана Прадцечы (м-н Фарты)

Будзьце цвярозымі, пільнымі, таму што праціўнік ваш дыявал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы, каго праглынуць. 1-е пасланне Пятра V, 8.

У нядзелю, 16 лютага 2020 года эстафета прыёму гасцей дайшла да храма ў гонар Усекнавення главы Іаана Прадцечы г. Гродна. Па традыцыі, усё пачалося з малітвы. Боскую Літургію ўзначаліў духаўнік брацтва святар Міхаіл Перац, якому саслужылі клірыкі прыхода святар Віктар Калацкі і протадыякан Іаан Аўсіевіч.

З пачатку 2019 года братчыкі гродзенскага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” ўзяліся за цікавую і, як паказвае практыка, верную справу. Выйшаўшы за межы сваіх сустрэч на базе Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, яны адправіліся па гарадскіх прыходах. Але гэта не проста наведванне храмаў, а паломніцтва-пропаведзь, бо кожны з гэтых людзей прайшоў доўгі шлях, які ўключаў у сябе і падзенні, і барацьбу, а многія ўжо могуць пахваліцца і пэўнымі перамогамі над грэхам і самім сабой. А сведчанні такіх людзей дарагога вартыя.

Пасля сумеснай Еўхарыстыі прыхаджане і госці размясціліся ў ніжнім храме прыхода, асвячонага ў гонар праведнага Іаана, які вядомы нам як чалавек, які заслужыў вялікае прыжыццёвае ўшанаванне за сваю аскезу, мужнае цярпенне нягод і вялікую любоў да людзей.

Настаяцель прыхода протаіерэй Аляксандр Жалезны прадставіў прыхаджанам гасцей і запрасіў усіх ахвотных прыняць удзел у сустрэчы. Братчыкі падрыхтавалі прэзентацыю, дзякуючы якой слухачы змаглі лепш зразумець і засвоіць асноўныя прынцыпы працы таварыства цвярозасці, якое заснавана на Евангельскай хрысціянскай аскетыцы і ўсведамленні любові Бога да чалавека. Было цікава паслухаць людзей, якія, па іх асабістым прызнанні, змаглі выбрацца з такога стану, які складана было назваць чалавечым існаваннем. Несумненна, кожны з выступоўцаў пакінуў глыбокі след у душах прыхаджанаў храма, многія з якіх таксама мелі і некаторыя да цяперашняга часу маюць залежных родных і блізкіх.

У часе сустрэчы кожны мог выказацца: задаць пытанні і падзяліцца сваім досведам росту ад усведамлення грэху да перамогі над ім. У завяршэнне братчыкі пакінулі кантактныя дадзеныя свайго таварыства, а прыхаджане Прадцечанскага храма падзякавалі гасцям за незвычайную і карысную інфармацыю.

Іерэй Віктар КАЛАЦКІ