“Псіхалагічныя асаблівасці рамантычных адносінаў у юнацкім узросце” – псіхолаг Ганна Янчый правяла сустрэчу ў сямейным універсітэце “Радзіна”

2 лютага 2020 года лектарам ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы выступіла кандыдат псіхалагічных навук Ганна Янчый. Тэма размовы: “Псіхалагічныя асаблівасці рамантычных адносінаў у юнацкім узросце”.

Псіхолаг Сяргей Леанідавіч Рубінштэйн піша, што пачуццё любові да іншага чалавека – гэта пачуццё радасці ад размовы з ім, пачуццё захаплення, пяшчоты і клопату пра яго, ці засмучэння, пакут або абурэння, калі ў адносінах да любага чалавека ажыццяўляецца несправядлівасць, гордасць, калі ў складаных умовах ён аказваецца на вышыні.

Р.С. Немаў мяркуе, што каханне – гэта не толькі пачуццё, але здольнасць і магчымасць кахаць і быць каханым, гэта раўнапраўе паміж закаханымі. Р.С. Немаў адзначае, што каханню трэба вучыцца і пастаянна ў ім удасканальвацца. “У каханні чалавек аддае, каб атрымліваць, і атрымлівае, каб аддаваць”.

Вядомы псіхолаг і філосаф Эрых Фром у сваёй кнізе “Мастацтва любіць” сцвярджае: “Каханне – гэта адзіны слушны адказ на праблему чалавечага існавання”. Ён вылучае сапраўднае сталае каханне як актыўную дзейсную здольнасць і нясталае. На яго думку сталае каханне гаворыць: “Я маю патрэбу ў табе, бо я кахаю цябе”, нясталае каханне кажа: “Я кахаю цябе, бо я маю патрэбу ў табе”.

Адна з асноўных патрэбнасцяў чалавека – патрэбнасць кахаць і быць каханым, а дасягненне сапраўднай інтымнасці з рамантычным партнёрам ёсць адной з асноўных асобасных задач, якія стаяць перад чалавекам.

У раннім юнацкім каханні многа той рамантыкі, якая робіць пачуцці прыўзнятымі, афарбоўвае іх у адпаведнасці са сваёй

марай, надае каханню пэўную смугу загадкавасці. Юнак ідэалізуе каханне, ён многа марыць і фантазіруе. У юнацкім узросце адбываецца вялікая дыферэнцыяцыя палавога кахання ад іншых відаў эмацыйных адносінаў, фарміруецца індывідуальнае асобасна значнае ўяўленне пра каханне, якое разам з тым нясе рысы агульначалавечых уяўленняў, выяўляецца імкненне да асэнсавання сутнасці ўнутранага зместу кахання.

Юнацкае каханне выражае, перш за ўсё, прагу эмацыйнага кантакту, разумення, душэўнай блізкасці, выражаецца ў імкненні да зносінаў з прадметам кахання і адначасова – у схільнасці да пазбягання, да самоты.

Маладыя людзі, закахаўшыся ўпершыню, мяркуюць, што ні ў кога такога кахання не было. Нярэдка яны надзяляюць адзін аднаго вартасцямі, якія хочуць бачыць, а не тымі, якія ёсць насамрэч. Патрабаванні да ідэалу спрабуюць механічна перанесці на чалавека, які падабаецца.

Для старшакласнікаў уласныя перажыванні часам больш важныя, чым аб’ект прыхільнасці. Адсюль пастаянная аглядка на меркаванні аднагодкаў уласнага полу, пераймальнасць, хвальба сапраўднымі, а часцей уяўнымі “перамогамі” і г. д. Закаханасці ў гэтым узросце нагадваюць эпідэміі: варта з’явіцца ў класе адной пары, як могуць закахацца ўсе, а ў суседнім класе ўсё спакойна. Аб’екты захапленняў таксама нярэдка маюць групавы характар, паколькі зносіны з папулярнай у класе дзяўчынай (ці юнаком) істотна падвышае ўласны прэстыж у аднагодкаў.

Для юнакоў складнікамі кахання ёсць разуменне, эмацыйнае прыцягненне і рэферэнтнасць партнёра. Пачуццё кахання фарміруецца пры наяўнасці суб’ектыўнай адэкватнасці ўспрыняцця асобы каханай, пры ўменні інтэрпрэтаваць яе думкі, настроі, прагназаваць паводзіны, адчуваць унутраны стан, не менш важныя эмацыйная прывабнасць,

прыхільнасць, адчуванне псіхатэрапеўтычнага эфекту пры зносінах з ёй.

Для дзяўчат каханне перадусім эмацыйныя адносіны, якія ўключаюць у сябе прыцягненне партнёра, імкненне быць побач з ім, атрымліваць задавальненне ад інтымных зносінаў з ім.

Задаволенасць рамантычнымі адносінамі ёсць адным з важных фактараў суб’ектыўнага шчасця асобы ў юнацкім узросце, у той час як непаспяховыя адносіны часцей за ўсё садзейнічаюць узнікненню дэпрэсіі, трывогі і пачуцця адзіноты.

У заключэнне, да прысутных звярнуўся клірык Свята-Пакроўскага сабора іерэй Міхаіл Перац. Айцец Міхаіл казаў пра тое, што Бог ёсць Любоўю і чалавек створаны на ўзор і падабенства Божае. Ён цэласны (дух, душа, цела) і да грэхападзення быў скіраваны да Бога ўсёй сваёй існасцю.

Маючы цялесныя і душэўныя зносіны адзін з адным, неабходна імкнуцца бачыць у бліжнім вобраз Божы і свае адносіны ў выніку ўзносіць у вобласць любові духоўнай, скіраванай да Творцы. Пераўтварэнне чалавека, набыццё падабенства Бога – вось да чаго ў выніку закліканы чалавек.

Айцец Міхаіл звярнуў увагу прысутных на пасланні апосталаў Іаана і Паўла (гімн любові) і само Евангелле, праз якія мы можам прасветленым сэрцам успрыняць словы Госпада, звернутыя да нас.

9 лютага 2019 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу “Любоў як каштоўнасць і норма жыцця чалавека”. Лектар – кандыдат філасофскіх навук Сняжана Семярнік. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.

Ганна ЯНЧЫЙ, іерэй Міхаіл ПЕРАЦ