6 зарокаў цвярозасці. Братчыкі таварыства цвярозасці “Пакроўскае” сустрэлі новы год

1 студзеня 2020 года, у дзень памяці мучаніка Ваніфація, у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна шасцёра братчыкаў праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” пры малітоўнай падтрымцы духавенства, родных, блізкіх і прыхаджанаў храма прынеслі Госпаду зарокі цвярозасці тэрмінам ад 5 месяцаў да 3 год, двое чалавек упершыню.

Боскую літургію і малебны спеў за тых, хто мае ў сабе страсць вінапіцця і наркаманіі, адслужыў духаўнік прыходскага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” іерэй Міхаіл Перац у саслужэнні протадыякана Дзімітрыя Шэпелева.

Свята працягнулася сумеснай трапезай і адкрытай сустрэчай з сузалежнымі. Браты і сёстры падзяліліся радасцю духоўнай сустрэчы і разгледзелі тлумачэнне найбліжэйшага нядзельнага Евангелля.

Праваслаўнае таварыства цвярозасці “Пакроўскае” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г. Гродна пачало сваю працу 12 лістапада 2011 года. Таварыства стваралася па ініцыятыве людзей, што пакутуюць ад алкагалізму. Рэабілітацыйная дзейнасць таварыства засноўваецца на праваслаўным светапоглядзе і духоўным досведзе святых айцоў па барацьбе са страсцямі. Члены таварыства прымаюць зарокі цвярозасці і актыўна ўдзельнічаюць у набажэнска-літургічным жыцці абшчыны Свята-Пакроўскага сабора.

instagram-trezvost_pokrovskoe

Мікалай БАЙДА