У Пакроўскім саборы адбыўся прагляд фільма “Зорачкі на зямлі”

15 снежня 2019 года ў кінаклубе Свята-Пакроўскага сабора адбыўся прагляд і абмеркаванне фільма “Зорачкі на зямлі” – індыйскі драматычны фільм 2007 года, рэжысёрскі дэбют Ааміра Хана. Сюжэт фільма наступны. Маленькі хлопчык (8 год) Ішан Авасці з нараджэння крыху адрозніваецца ад іншых дзяцей. Яму даецца з цяжкасцю тое, што ў многіх атрымліваецца вельмі лёгка. Свет не разумее гэта дзіця, як і яго ўласныя бацькі. Калі Ішан у трэці раз правальвае экзамены ў школе, яго бацька ў пакаранне адпраўляе хлопчыка ў школу-інтэрнат. Адзінота губіць дзіцё, ён асуджае сябе за расстанне з бацькамі, але і ім не можа дараваць.

Аднойчы ў жыцці Ішана з’яўляецца часовы настаўнік малявання Рам Нікум – адзіны, хто разумее гэта дзіцё. Рам ставіць перад сабой мэту змяніць жыццё хлопчыка і стаўленне да яго.

Патрасальны і дужа “глыбокі” фільм.

У наш час вельмі актуальная праблема – гэта выхаванне і адносіны да дзяцей. Бацькі ўступаюць у шлюб неўсвядомлена, нараджаюць дзяцей не ведаючы для чаго і нашто, бо так належыць, бо трэба прадоўжыць свой род, бо з кімсьці трэба пагуляць, бо… бясконцае “бо”. Але ці ёсць сэнс у гэтых словах?

У дадзеным фільме добра прасочваецца такая тэндэнцыя, што ў бацькоў старэйшы сын робіць усё магчымае, каб дагадзіць ім, лезе са скуры, ён падобны да ўсіх звычайных дзяцей. І заўсёды ставіцца ў прыклад малодшаму сыну, у якога іншы склад розуму, іншы характар і зусім іншае прызначэнне, і яны вечна сварацца на яго за тое, што ён не такі, як усе, і ўвогуле дзіўна, што ён малодшы брат такога геніяльнага старэйшага сына. І яны проста кідаюць дзіця на

волю лёсу. Дзіця нараджаецца са сваімі жаданнямі і здольнасцямі.

Пакуль мы імкнемся зрабіць з патэнцыйнага навукоўца, да прыкладу, салдата, бо жадаем яму найлепшага лёсу, мы адштурхоўваем дзіця ад яго прызначэння, адштурхоўваем ад яго шчасця. Бо намнога прасцей следаваць за тэндэнцыямі моды і штампаваць тысячамі банкіраў, крыху пазней – юрыстаў, цяпер вось урачоў.

А калі не спрабаваць з “даўнёнка” зрабіць “нармальнага” чалавека, ён цалкам можа стаць шчаслівым афіцыянтам, да прыкладу. Ёсць такія прыклады. Бо нават калі з цалкам здаровага патэнцыйнага мастака зрабіць урача, то шанцаў атрымаць задавальненне ад працы ў гэтага чалавека малавата, бо нават зразумеўшы, што ён ідзе не туды, яму будзе шкада прызнаць бязмэтнымі пражытыя гады.

Мне вельмі падабаецца фраза аднаго разумнага чалавека, якая гучыць прыблізна так: “Калі развіваць у дзіцяці тое, што ў яго не атрымліваецца, вырасце пасрэднасць, калі ж развіваць тое, што яму лёгка даецца, то вырасце геній”. Пра гэта сведчыць дадзенае кіно. І яшчэ пра жаданне зразумець і дапамагчы, вядома.

Тут таксама дарэчна будзе ўспомніць яшчэ адну крылатую фразу: “Не пытайся Бога: “За што?”, спытай “Нашто?””.

Протаіерэй Уладзімір ПЯТРУЧЫК