8 снежня 2019 года лектарам ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы выступіла кандыдат псіхалагічных навук Ганна Янчый. Тэма размовы: “Роля бацькі ў выхаванні хлопчыкаў і дзяўчат”.
“Не надобно другого образца, когда в глазах пример отца”. А.С. Грибоедов
На сёння роля мужчыны ў многіх сем’ях зведзена калі не да нуля, то да мінімуму. Бацька, з аднаго боку, страціў ранейшы аўтарытэт, а з іншага боку, пазбавіўшыся патрыярхальнай вышыні і недаступнасці, не стаў бліжэй да дзяцей.
У чым прычына? З дзяцінства на хлопчыкаў аказваецца ціск, які перашкаджае развіццю іх мужчынскага, бацькаўскага пачатку ў сям’і і школе. Заахвочваецца пасіўная дысцыпліна, бяздумная паслухмянасць і нецярпімасць да такіх традыцыйна мужчынскіх якасцяў, як ініцыятыва, выдумка, актыўнасць. Дзяўчат менш караюць, больш хваляць, як хлопчыкаў. Яны, асабліва ў пачатковых класах, карыстаюцца большым аўтарытэтам і значна часцей становяцца фармальнымі лідарамі. Так з дзяцінства закладваюцца асновы будучага дамінавання жанчын у сям’і.
На змену патрыярхальным адносінам паступова прыходзяць адносіны раўнапраўя мужчыны і жанчыны ў сям’і, роўнасці праў і абавязкаў бацькі і маці. Працэс гэты складаны і супярэчлівы, старая форма сябе зжывае, новая прыжываецца з цяжкасцямі.
Падзенне бацькаўскага аўтарытэту, выкліканае пэўнымі сацыяльнымі прычынамі, падрывае само функцыянаванне сям’і, стварае ўмовы для шматлікіх адхіленняў у развіцці псіхікі дзіцяці, паводзінаў. А гэта ў сваю чаргу фарміруе той ці іншы тып “безбацькаўскага грамадства” з грубымі
парушэннямі паводзінаў. Але імкненні ўзводзіць аўтарытарную фігуру бацькі, якая некалі ўмацоўвала грамадскі лад, бесперспектыўныя.
Бацька вучыць, паказвае дарогу ў свет, садзейнічае соцыяэканамічнаму развіццю дзіцяці. Ён навучае спраўляцца з праблемамі, якія ставіць перад дзіцём грамадства.
Бацька павінен быць аўтарытэтам для дзіцяці, каб гэты аўтарытэт перайшоў у аўтарытэт дзіцяці перад самім сабой і ў далейшым развіць здольнасць абыходзіцца без аўтарытэту бацькі.
Наяўнасць бацькі і яго становішча ў сям’і ўплываюць на здольнасці, на інтарэс да навучання і адукацыі. Чым часцей сын бывае з бацькам, тым лепей ён вучыцца. Трывалае, упэўненае, пануючае становішча мужчыны ў сям’і надзвычай дабратворна ўплывае на школьныя поспехі сына. Бацька актыўны, дзелавы, падцягнуты, скіраваны на поспех, здольны браць на сябе адказнасць за прыняцце асноўных рашэнняў, выклікае ў сына жаданне адпавядаць гэтаму ўзору, імкнуцца стаць такім жа паспяховым, моцным, дасведчаным.
Для дзяўчынкі адносіны з бацькам больш складаныя. Дэфіцыт мужчынскага ўплыву на працягу дарослення дзяўчынкі істотна ўскладняе яе развіццё як будучай жанчыны. Бацька – мужчына нумар адзін, рысы яго характару, асаблівасці паводзінаў, нюансы ўзаемаадносінаў з ім запамінаюцца, парой неўсвядомлена, і становяцца ўзорам, з якім будуць параўноўвацца тыпы і формы адносінаў будучай жанчыны і мужчыны.
Вялікае значэнне для развіцця як хлопчыка, так і дзяўчынкі маюць адносіны паміж бацькам і маці. Назіраючы гэтыя адносіны і паводзіны кожнага з бацькоў, дзеці фарміруюць мадэль станоўчых і адмоўных вобразаў адносінаў паміж
мужчынам і жанчынай. Дзеці навучаюцца, якім спосабам і на чыю карысць вырашаюцца канфлікты, якія якасці больш цэняцца. Яны атрымліваюць сцэнар для пабудовы сваіх уласных стасункаў у дарослым жыцці.
Пра ролю бацькі ў жыцці дзіцяці разважалі і думалі многія педагогі. Вось што пра гэта думае В.І. Сухамлінскі: “Роля мужчыны-бацькі вызначаецца яго адказнасцю. Бацька, які ўмее быць адказным, – сапраўдны мужчына”.
Дзеці шчыра вераць у тое, што бацька ўмее амаль усё на свеце, і з кожным годам прыхільнасць да бацькі ўсё расце і расце. Канечне, пры ўмове, што мудрая мама стварыла для гэтага ўсе ўмовы! Бо мужчыны – у адрозненне ад жанчын –мала адчуваюць “покліч крыві” і па-сапраўднаму любяць толькі тых дзяцей, што выхоўвалі.
Стрыжань асобы дзіцяці, яе падмурак ствараецца ў сям’і. На гэты фундамент потым накладваюцца ўсе іншыя ўплывы жыцця, але ўспрыняцце гэтых уплываў, ступень перапрацоўкі іх у рухавікі паводзінаў залежаць менавіта ад тых каранёвых асноў асобы дзіцяці, якія закладваюцца ў сям’і.
У гэтым палягае ўнікальная роля бацькоў, у якой іх ніхто не можа замяніць! У паўнавартаснай сям’і дзіцё мае магчымасць атрымаць ад абодвух бацькоў увагу, ласку. Акрамя таго, дзіця можа назіраць узаемаадносіны паміж бацькам і маці, што вельмі важна для яго сацыяльнага развіцця. Але ў любым выпадку ад жадання самога бацькі залежыць, ці стане ён сапраўднай апорай для дзіцяці, ці зможа аказаць рэальную дапамогу маці ў яго выхаванні.
Для чаго патрэбен бацька ў сям’і?
1.Бацька дапаўняе маму і падтрымлівае яе ў складаных сітуацыях.
2.Бацька прымае актыўны ўдзел у выхаванні дзяцей.
3.Бацька бярэ адказнасць за жыццё, здароўе і дабрабыт усіх членаў сям’і.
4.Бацька плануе будучыню сям’і.
5.Бацька ёсць узорам для пераймання ў жыццёвых сітуацыях.
6.Бацька вызначае, што добра, а што – кепска.
Вартасці добрага бацькі:
· бацька даступны для дзіцяці;
· ён хоча і можа патлумачыць дзіцяці незразумелыя яму рэчы;
· ён шчодры на пахвалы;
· любіць уключацца ў сумесную дзейнасць з сынам ці дачкой;
· адказна падыходзіць да матэрыяльнага забеспячэння дзяцей;
· унікае ў інтарэсы і патрэбы дзіцяці;
· сочыць за развіццём дзяцей.
Бацька садзейнічае фарміраванню наступных якасцей у дзіцяці:
· эмацыйная стрыманасць;
· няспешнасць;
· ураўнаважанасць;
· безмяцежны спакой;
· аптымізм;
· высокае пачуццё адказнасці.
Як прывабіць бацьку да выхавання дзяцей?
1.Накіроўвайце мужа на прагулку з дзіцём. Варыянтаў можа быць многа: парк, лес, стадыён.
2.Распавядайце мужу аб праблемах дзяцей. Хай ён будзе ў курсе справы. Райцеся з ім.
3.Не бойцеся пакідаць яго з грудным дзіцём. Нічога страшнага не адбудзецца: бацька зразумее, як нялёгка даглядаць малое.
4.Адпраўляйце дзіцё вырашаць праблемы разам з бацькам. Часта мужчынскі падыход дае добрыя вынікі.
5.Не саромцеся гаварыць пра тое, якая дапамога вам неабходная ў дадзены момант. Мужчына павінен адчуваць сябе патрэбным і значным.
Ганна ЯНЧЫЙ, фота: Мікалай БАЙДА
15 снежня 2019 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу: “Выкарыстанне методыкі арт-тэрапіі ў выхаванні дзяцей”. Лектар – кандыдат педагагічных навук Марына Салтыкова-Ваўковіч. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.















