17 лістапада 2019 ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна да 8-годдзя праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” адбыўся тэматычны форум “Пакаянне як неперарыўнае духоўнае дзеланне”. Па заканчэнні Боскай літургіі духаўнік ПТЦ “Пакроўскае” іерэй Міхаіл Перац адкрыў у актавай зале прыходскага комплексу сход, павітаў удзельнікаў і гасцей форуму.
У гэтым годзе акрамя гродзенскіх цвярознікаў падзяліцца досведам і пагаварыць прыехалі браты і сёстры са Шчучына, Ліды і Мінска.
Пасля ўступнага слова стараста таварыства Алег і намеснік старасты Валянціна традыцыйна азнаёмілі прысутных з кароткай канцэпцыяй і асноўнымі правіламі зносінаў у групе.
На працягу адкрытага сходу цвярознікі дзяліліся сваім досведам барацьбы са страсцямі і разуменнем тэмы форуму.
Віншаванні і пажаданні цверазення выказаў каардынатар Гродзенскай епархіі па працы з алкаголе- і нарказалежнымі іерэй Павел Каспяровіч.
Затым лектарамі выступілі духаўнік Гродзенскай епархіі протаіерэй Андрэй Бандарэнка, псіхатэрапеўт-нарколаг Анатолій Фінскі, дырэктар цэнтра рэабілітацыі “Анастасіс Сасноўка” Сцяпан Турбал і настаяцель Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой.
Мікалай БАЙДА
12 лістапада 2011 пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г. Гродна пачало сваю працу праваслаўнае таварыства цвярозасці “Пакроўскае”. Таварыства стваралася па ініцыятыве людзей, што пакутуюць ад алкагалізму. Рэабілітацыйная дзейнасць таварыства заснавана на праваслаўным светапоглядзе і духоўным святаайцоўскім досведзе барацьбы са страсцямі. Члены таварыства прымаюць зарокі цвярозасці і актыўна ўдзельнічаюць у набажэнска-літургічным жыцці абшчыны Свята-Пакроўскага сабора.
Расклад сустрэч:
- Нядзеля а 17:00 (Малітоўнае чытанне акафіста перад іконай Маці Божай “Няўпіўная чаша” ў Свята-Вольгінскім храме, заняткі ў прыходскім доме насупраць сабора)
- Серада а 18:30 (Заняткі ў прыходскім доме насупраць сабора)
Кантакты
+37529 588 31 68 – стараста таварыства Алег
+37529 281 47 38 – нам.старасты таварыства Валянціна






















































