
2-4 лістапада 2019 года на базе Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна адбыўся штогадовы скаўцкі кінафестываль. Прыехалі скаўты з розных прыходаў Беларусі: Віцебск, Мінск і, канечне ж, Гродна.
У гэтым годзе тэмай кінафестывалю стала “Рыцарства ХХІ стагоддзя”. Задача была не самая простая: удзельнікі дзяліліся на патрулі (групы па 5-6 чалавек) і на працягу дня прыдумвалі і здымалі фільм на зададзеную тэму. У канцы фестывалю найлепшы фільм быў узнагароджаны скаўцкім оскарам.
Скаўцкі кінафэст – гэта не толькі здымкі фільмаў; гэта навучальныя майстар-класы па рэжысуры, штодзённыя прагляды рознага жанру фільмаў, размова са святаром на духоўныя тэмы, супольная малітва і Прычасце.
Таксама ў першы дзень фестывалю выкладчыкамі з Гродна быў праведзены квэст па горадзе, дзе госці з Віцебска і Мінска самастойна змаглі азнаёміцца з галоўнымі славутасцямі горада.
Няхай ахоўвае Бог усіх гасцей і арганізатараў!
Яўгенія АЛІЛУЕВА


















