Урач-псіхатэрапеўт Вячаслаў Бараўскіх выступіў з лекцыяй “Псіхалогія сваркі” ў Пакроўскім саборы

1 лістапада 2019 года ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора горада Гродна, па благаславенні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, лекцыю-размову правёў вядомы ўрач-псіхатэрапеўт, дырэктар праваслаўнага цэнтра медыка-сацыяльнай рэабілітацыі “Падзвіжнік”, аўтар метаду маральна-арыентаванай псіхатэрапіі Вячаслаў Уладзіміравіч Бараўскіх (г. Екацярынбург). Арганізатарам выступіў Праваслаўны клуб шматдзетных сем’яў “Адраджэнне”.

Заяўленая тэма гучала як “Псіхалогія сваркі”. Чаму людзі сварацца? Ці можна пабудаваць здаровую сям’ю без сварак і канфліктаў? – пра гэта і шмат што іншае Вячаслаў Уладзіміравіч распавёў на працягу сустрэчы і адказаў на шматлікія пытанні з залы.

Асноўная думка, што праходзіла праз усю размову – гэта давер да Госпада, паколькі менавіта Ён той Урач, які ацаляе ад любых залежнасцяў і пераўтварае хворае чалавечае сэрца. Асабліва каштоўна было пачуць пра рэальны досвед дапамогі хворым людзям, які заснаваны на спадчыне святых айцоў і духоўна-тэрапеўтычным досведзе Праваслаўнай Царквы.

Каардынатар епархі па пытаннях абароны сямейных каштоўнасцяў іерэй Аляксандр Гук падзякаваў госцю і ўручыў на памяць аб сустрэчы ікону Прасвятой Багародзіцы “Аўгустоўская”.

Асобная ўдзячнасць сям’і Панасевіч, якія ўзялі на сябе асноўныя матэрыяльныя клопаты па арганізацыі мерапрыемства.

Музыкальна пачатак вечара ўпрыгожыў Мікалай Анцікона.

Відэазапіс лекцыі будзе даступны на youtube.com/c/СвятоПокровскийсоборГродно

Мікалай БАЙДА