Фільм “За імя маё” абмеркавалі ў кінаклубе Пакроўскага сабора

27 кастрычніка 2019 года ў кінаклубе Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна прайшоў паказ і абмеркаванне кароткаметражнага фільма Марыі Можар “За імя маё”. У аснове сюжэта – рэальная гісторыя дзяўчынкі Любы Косцінай, што нарадзілася ў нямецкім канцлагеры.

1947 год. Першыя пасляваенныя галодныя гады. У адной з аддаленых вёсак цкуюць маленькую пяцігадовую дзяўчынку, абзываюць яе фашысткай, паколькі яе маці вярнулася з канцлагера з дзіцём, а значыць, нагуляла яго ад немца. На пытанне: “Як цябе завуць” дзяўчынка прызвычаілася адказваць: “Фашыстка”. Дзеці жорсткія ў адносінах да дзяўчынкі, дарослыя, здаецца, шкадуюць яе, але ў кожнага свае клопаты, сваё гора – ім не да маленькай Фашысткі. Шматдзетная Аўдоцця спрабуе клапаціцца пра дзяўчынку, але ў самой сямёра па лаўках… Толькі калі на шляху зацкаванага дзіцяці з’яўляецца сельскі святар айцец Аляксандр, які ласкава пераконвае Ганну, што “кожнаму чалавеку імя ад Бога дадзена”, хрысціць яе і дае імя Ганна.

Прысутныя жыва адгукнуліся на абмеркаванне тэм, якія закранае карціна. Гаварылі пра цяжкі стан народа пасля вайны, пра складанасці здзяйснення дабра, пра цяжкую долю дзяцей, пра галоўнае наша імя – хрысціянін і пра духоўны сэнс ганенняў і пакут у імя Хрыста.

Мікалай БАЙДА