22 лістапада 2019 года ў сценах актавай залы Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна дзясяткі рэгентаў, пеўчых, чытальнікаў і прыхаджанаў атрымалі адказы на пытанні, якія іх даўно цікавілі, а таксама выказвалі сваё бачанне таго, што адбываецца як на клірасе, так і ў самім храме. У гэты дзень тут адбылася сустрэча з выбітным праваслаўным кампазітарам Беларусі і Еўропы, рэгентам Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра г. Мінска, чалавекам, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу – манахіняй Юліяніяй (Дзянісавай).
Адказваючы на пытанні, матушка падзялілася сакрэтамі паспяховага рэгенцтва на клірасе, пошуку натхнення, правільных зносінаў паміж рэгентам і пеўчым, зносінаў кліраса і прыхаджанаў.
Але на гэтым сустрэча не скончылася – ужо вечарам усе ахвотныя судакрануліся з высокім светам пеўчага царкоўнага мастацтва на агульнай спеўцы рэгентаў і пеўчых прыходаў Гродзенскай епархіі. Пад чуйным кіраўніцтвам манахіні Юліяніі (Дзянісавай) Вялікай Пеўчай Сям’ёй быў вывучаны і выкананы шэраг духоўных песнаспеваў, створаных і напісаных у гарманізацыі самой матушкай Юліяніяй. У гэты спіс увайшлі наступныя творы:
– “Святый Боже”;
– кандак Вялікага канона “Душе моя”;
– “Ищите Бога”.
Дзве гадзіны праляцелі як адзін міг. У гэтыя хвіліны ўсімі адчувалася датычнасць да вялікай справы, якая была прысвечана Богу.
Падсумоўваючы вышэй сказанае, хацелася б дадаць, што падобныя сустрэчы павінны стаць добрай традыцыяй. Бо гэта духоўная практыка яднае рэгентаў і пеўчых розных
прыходаў у адзінае цэлае – адно вялікае звяно, дзе кожны механізм падтрымлівае іншы механізм, што стаіць побач, і ў выніку атрымліваецца цэлая сістэма ўзаемасувязі і зносінаў!
Мы сардэчна дзякуем матушцы за гэты візіт, які зрабіў адзін халодны восеньскі дзень цёплым і карысным.
Таксама выражаем удзячнасць Свята-Пакроўскаму кафедральнаму сабору г. Гродна за прадастаўленне пляцоўкі для богакарыснай справы і цікавай сустрэчы з найлепшым праваслаўным рэгентам і добрым чалавекам – манахіняй Юліяніяй (Дзянісавай).
А скончыць хочацца наступнымі словамі: “Шукайце Бога, шукайце слёзна, шукайце, людзі, пакуль не позна!”
Рэгент прыхода храма Уваскрасення Хрыстовага г. Гродна Лізавета Наркун













