У межах акцыі “У славу агульнай перамогі” ў Пакроўскі сабор перадалі на захаванне капсулу з зямлёй з месцаў воінскіх пахаванняў

10 кастрычніка 2019 года ў межах акцыі “У славу агульнай Перамогі” капсулу з зямлёй з месцаў воінскіх пахаванняў перадалі на захаванне ў Свята-Пакроўскі кафедральны сабор горада Гродна. Ва ўрачыстым мерапрыемстве каля помніка воінам у парку Жылібера прынялі ўдзел настаяцель і духавенства сабора. Да Дня Перамогі ў 2020-м годзе капсула будзе дастаўлена ў Мінск для закладкі ў нішу крыпты Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых.

Пачынаючы з мая 2019 па май 2020 года ў 118 раёнах нашай краіны праходзяць акцыі па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і мерапрыемствы па заборы зямлі з месцаў воінскай славы і месцаў гібелі мірнага насельніцтва ў часе Другой сусветнай вайны. Да кожнай са 118 капсул будзе прыкладзены спіс імёнаў загінулых, пахаваных воінаў і мірных грамадзянаў, а таксама інфармацыя пра ваенныя падзеі мясцовасці, пра ўклад мясцовага насельніцтва ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі, пра людзей, што праславіліся ў баях ці падпольным супраціўленні, пра страты і ахвяры мірнага насельніцтва.

Праект прадугледжвае правядзенне аналагічных акцый у прыгранічных з Рэспублікай Беларусь абласцях РФ і Украіны: Смаленскай, Бранскай, Пскоўскай і Чарнігаўскай.

Мікалай БАЙДА, Юрый ШАРАЙ