Зарок цвярозасці, малебен за хворых – у Пакроўскім саборы адзначылі праваслаўны Дзень цвярозасці

11 верасня 2019 года, у дзень памяці Усекнавення главы Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана і агульнацаркоўны Дзень цвярозасці, у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна братчык праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” прынёс Госпаду зарок цвярозасці тэрмінам на адзін год.

Боскую літургію ўзначаліў духаўнік праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” іерэй Міхаіл Перац у саслужэнні протадыякана Дзімітрыя Шэпелева.

 

Зварот Свяцейшага Патрыярха Кірыла з нагоды Дня цвярозасці зачытаў каардынатар Гродзенскай епархіі па працы з алкаголе- і нарказалежнымі людзьмі іерэй Павел Каспяровіч.

Пасля літургіі духавенства і прыхаджане адслужылі малебен за хворых на вінапіцце і наркаманію.

Прыняцце зарокаў цвярозасці шырока практыкавалася ў пачатку мінулага стагоддзя, калі ў Рускай Праваслаўнай Царкве дзейнічалі звыш дзвюх тысяч праваслаўных брацтваў і таварыстваў цвярозасці. У Гродна таксама дзейнічала таварыства цвярозасці, сходы адбываліся ў будынку цяперашняга ГДК па вул. Дзяржынскага. Акрамя саміх залежных зарокі цвярозасці даюць жонкі і маці, каб праз малітвы і звароты да Бога дапамагчы сваім мужам, дзецям, іншым сваякам супрацьстаяць дыявальскім страсцям п’янства і наркаманіі.

Рэабілітацыйная дзейнасць таварыства грунтуецца на праваслаўным светапоглядзе і духоўным досведзе святых айцоў барацьбы са страсцямі. Члены таварыства прымаюць зарокі цвярозасці і актыўна ўдзельнічаюць у богаслужбова-літургічным жыцці абшчыны Свята-Пакроўскага сабора.

Мікалай БАЙДА, Юрый ШАРАЙ​