З 30 жніўня па 1 верасня 2019 года праваслаўны сямейны клуб “Адраджэнне” пры Свята-Марфінскай царкве горада Гродна арганізаваў у в. Парэчча VIIІ летні сямейны лагер. Працу злёту ўзначаліў каардынатар Гродзенскай епархіі па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства іерэй Аляксандр Гук.
У гэтым годзе з тэматычнымі размовамі пра сям’ю і праваслаўнае выхаванне дзяцей выступілі сыны айца Аляксандра Наздрына – айцец Андрэй і айцец Цімафей. Клірык Пакроўскага сабора протаіерэй Уладзімір Пятручык распавёў пра духоўны падтэкст сямейных узаемаадносінаў у казцы Пушкіна “Пра рыбака і рыбку”.
Кандыдат псіхалагічных навук Ганна Іванаўна Янчый правяла размову на тэму “Уплыў псіхалагічных заканамернасцей развіцця на духоўнае фарміраванне дзіцяці”. Пра небяспеку і прычыны інтэрнэт-залежнасцей распавяла кандыдат філасофскіх навук Сняжана Здзіславаўна Семярнік.
Майстар-клас па “мастацкім афармленні фруктовых карцін і партрэтаў” правяла выкладчык нядзельнай школы Пакроўскага сабора Таццяна Рыжкова.
Каманда валанцёраў з маладзёвых брацтваў Свята-Марфінскай царквы, прыходаў храмаў Нараджэння Хрыстовага і Сабора ўсіх беларускіх святых займаліся арганізацыяй адпачынку для дзяцей рознага ўзросту, за што ім сардэчная ўдзячнасць ад бацькоў.
Нядзельным ранкам удзельнікі лагера адправіліся на Боскую літургію ў храм у гонар Маці Божай дзеля Казанскай Яе іконы в. Парэчча. Спавядаліся, прычасціліся і памаліліся перад пачаткам школьнага года за навучэнцаў і выкладчыкаў.
У канцы лагера ўсе сем’і атрымалі эксклюзіўныя граматы і памятныя сувеніры. Пасля прыбірання тэрыторыі і ўдзячнага малебну айцец Аляксандр запрасіў усіх сустрэцца на чарговым сходзе сямейнага клуба “Адраджэнне”.
Слава Богу за ўсё.
Мікалай Байда, Анастасія Данільчанка








































