У Лондане клірык Пакроўскага сабора выступіў з дакладам на міжнароднай канферэнцыі

2 чэрвеня 2019 года клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна прыняў удзел у працы VI міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Руская спадчына ў сучасным свеце. Гісторыя. Культура. Ідэнтычнасць” і выступіў з дакладам пра жыццёвы шлях ураджэнца г. Брэст-Літоўск, дырэктара і выкладчыка прыватнай гімназіі горада Брэста, капелана войска Польскага, першага настаяцеля ў г. Брысталь (Англія), протаіерэя Уладзіміра Пятручыка.

Сярод іншых удзельнікаў былі журналіст з Францыі Дзмітрый дэ Кашко/Кошка (відаць, нашчадак вядомага ў Расійскай імперыі сышчыка Кошкі, які ў сваю чаргу паходзіў з беларускай шляхецкай сям’і), князь Дзм. М. Шахаўской, унучка выбітнага рускага кампазітара Марыя Кедрава, дэкан факультэта міжнародных адносінаў БДУ (Мінск) В.Г. Шадурскі, праф. Оксфардскага ўніверсітэта Дар’я Пратапопава, Эва Шлос ды інш.

Традыцыйна ў кулуарах прайшла актыўная размова гасцей і дакладчыкаў канферэнцыі, абмен меркаваннямі, новыя знаёмствы і зараджэнне новых праектаў. У канцы працы канферэнцыі прайшла прэм’ера фільма “Маўклівыя сведкі”, які распавядае пра гісторыю напісання і стварэння ўнікальных ікон навамучанікаў, якія захоўваюцца ў саборы г. Гродна.

Протаіерэй Уладзімір ПЯТРУЧЫК