Паломніцтва да святыняў Мінска (май 2019). Успаміны

“Памаліўшысь шчыра Богу, адпраўляемся ў дарогу”…

Менавіта так пачалася наша паездка ў горад Мінск, арганізаваная 26 мая 2019 года паломніцкай службай Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна, – з ранішніх малітваў і чытання правіла да святога прычашчэння. Дзякуючы старанням вадзіцеля дарога не была стамляльнай. А стараннямі нашага кіраўніка Ірыны паездка прайшла лёгка і хутка згодна з графікам запланаваных сустрэч і наведванняў.

Першы храм, які мы наведалі па прыездзе ў сталіцу, – Усіхсвяцкая царква (поўная назва – Мінскі храм-помнік у імя Усіх святых і ў памяць ахвяр, што паслужылі ўратаванню нашай Айчыны) уразіла нас знешняй веліччу і прыгажосцю ўнутранага ўбрання. Вышыня храма – 72 метры, разам з крыжам – 74. Адначасова храм можа прыняць 1200 чалавек!

На Боскай літургіі паломнікі змаглі спавядацца, прычасціцца, малітоўна падзякаваць Богу. Песнаспевы хору падарылі імгненні найвялікшай радасці і супакаення. Дарэчы, мужчынскі хор “Усіхсвяцкі” атрымаў Гран-пры фестывалю “Каложскі благавест” у гэтым годзе. Пропаведзь святара была настолькі эмацыйнай, шчырай і заклікаючай, што закранула самыя патаемныя струны душы.

Вельмі цікавай і пазнавальнай была экскурсія па храме. Мы даведаліся, што першы камень у падмурак храма-помніка ў 1991 годзе заклаў пактрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ.

 

У 1996 годзе мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам тут была закладзена капсула з памятнай граматай з адозвай да нашчадкаў.

2 ліпеня 2010 года ў крыпце храма-помніка адбылася цырымонія пахавання рэшткаў трох невядомых салдатаў, загінулых у бітвах трох войнаў: Айчыннай вайны 1812 года, Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны. Тужлівыя старонкі гісторыі Беларусі не пакінулі нас раўнадушнымі. І кожны з нас запаліў свячу ад благадатнага агню.

Пасля экскурсіі мы накіраваліся ў кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа, каб пакланіцца адной з галоўных святынь Беларусі – Мінскай цудатворнай іконе Маці Божай, якая мае вельмі багатую гісторыю.

Гісторыя сабора пачынаецца ў 1633-1642 гг., калі было створана збудаванне, якое служыла храмам каталіцкага манастыра бернардзінак.

З 1860 года ранейшы касцёл стаў праваслаўным храмам. Храм не раз перабудоўваўся. У 1870 годзе на тэрыторыі храма быў заснаваны Свята-Духаў манастыр, які праіснаваў да 1922 года. У савецкі час сабор быў закрыты. Пасля свайго адкрыцця ў 1942 годзе Свята-Духаў храм больш не закрываўся. У 1945 годзе з закрытага Петра-Паўлаўскага сабора ў Свята-Духаў храм была ўнесена старажытная святыня – найбольш каштоўная рэліквія – цудатворная ікона Маці Божай, адшуканая мінчанамі ў 1500 г. і імянуемая Мінскай.

Мы папрасілі малітоўнай падтрымкі ў Маці Божай, прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы і інакіні Варвары, святой мучаніцы княгіні Людмілы, пакланіўшыся іх іконам з часцінкамі мошчаў, а таксама малітоўна прыклаўшыся да нятленных мошчаў святой дабравернай Сафіі, княгіні Слуцкай, унучкі Анастасіі Слуцкай.

І нават надвор’е парадавала нас цёплым сонейкам, лёгкім ветрыкам і майскім водарам квітнеючых дрэваў на мінскіх вуліцах, па якіх мы з вялікім задавальненнем прагуляліся ў вольны час, які ў нас з’явіўся.

А ў завяршэнне нашага паломніцтва мы наведалі Свята-Елісавецінскі манастыр. Многія з нас прыехалі сюды паўторна. Для тых, хто ні разу не наведваў манастыр, настойліва раім прыехаць. Гэта вельмі прыгожая, ні да чаго не падобная мясціна. Архітэктура непаўторная, размаітая і адметная. Вы адчуеце найпаўнейшае зліццё з прыродай, атрымаеце благадаць, памаліўшыся каля святынь манастыра, цудатворных ікон, прыклаўшыся да вобраза святой Елісаветы на сцяне Мікольскага храма. Не надыхаецеся манастырскім паветрам. Усё замілоўвае. Экскурсіі праводзяць манахіні, трапятліва распавядаючы гісторыю заснавання манастыра. Тут вельмі развітая інфраструктура. Вы зможаце набыць мноства сувеніраў, рэчаў, кніг, прадуктаў харчавання… Слава Богу, манастыр пастаянна расце!

Сярод дарослых паломнікаў было чацвёра дзетак. І як яны надалі асаблівы настрой нашай паездцы! Сваёй шчырасцю, непасрэднасцю, цікаўнасцю і, безумоўна, аптымізмам і невычэрпнай энергіяй. Збаў, Госпадзі, гэтых мілых дзяцей! Дай, Божа, захаваць ім гэтыя чыстыя адносіны да свету і людзей.

Наша паломніцкая група аказалася невялікай, мабільнай, арганізаванай, таму ніякіх непаразуменняў у паездцы не ўзнікала.

Думаю, што ўсе, хто наведаў Мінск, захавалі ў сэрцах атрыманую благадаць і абавязкова прыгадаюць радасны момант ушанавання святынь, малітвы, з якімі яны звярнуліся да Бога, Маці Божай і святых перад цудатворнымі іконамі. Слава Богу за ўсё…

Паломніца Людміла​