Гродзенскае праваслаўнае таварыства цвярозасці “Пакроўскае” падзялілася досведам з лідскімі цвярознікамі

1 красавіка 2019 года іерэй Міхаіл Перац, духаўнік праваслаўнага таварыства цвярозасці “Пакроўскае” кафедральнага сабора горада Гродна, разам з братчыкамі правялі адкрыты выязны сход на прыходзе храма Архангела Міхаіла ў горадзе Ліда. Мэтай візіта было падзяліцца досведам станаўлення таварыства і працы з залежнымі і сузалежнымі па праграме барацьбы са страсцямі, заснаванай на спадчыне святых айцоў.

Благачынны Лідскай царкоўнай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў, духаўнік адраджаемага таварыства цвярозасці, пазнаёміў гасцей з гісторыяй унікальнага “круглага” храма Архангела Міхаіла. Пасля кароткай экскурсіі ў будынку побач з саборам адбылася сустрэча.

Варта адзначыць, што памочнікам айца Расціслава ёсць вядомы ўрач-псіхатэрапеўт-нарколаг, студэнт духоўнай семінарыі і цвярознік са шматгадовым досведам Анатолій Фінскі, якога многія гродзенскія браты сустрэлі як старога сябра.

На працягу размовы браты і сёстры дзяліліся ўласным духоўным досведам, узгадвалі гісторыю стварэння праваслаўнага таварыства цвярозасці ў Гродне, асабліва тыя складанасці і спакусы, з якімі давялося сутыкнуцца, і дзяліліся досведам іх пераадолення. Абмяркоўвалі таксама і асаблівасці праваслаўнай праграмы рэабілітацыі залежных, якая галоўнай мэтай ставіць не толькі адну цвярозасць, але і цверазенне як шлях да сустрэчы з Госпадам нашым Іісусам Хрыстом.

Вынікамі дыялогу можна назваць удзячнасць за радасць размовы, сумесную малітву і дамоўленасць аб працягу сустрэч для ўзаемаабмену досведам барацьбы са страсцямі.

Мікалай БАЙДА