Водгукі пра паломніцтва ў Пакроўскі манастыр (Масква) і Новаіерусалімскі манастыр (Істра)

З 12 па 14 красавіка 2019 года паломніцкай службай Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна была арганізавана паездка “Пакроўскі манастыр (Масква) — Узнясенскі Новаіерусалімскі манастыр (Істра)”. Удзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля паездкі.

Наталля Савянкова: “Гэта была мая другая паездка ў паломніцтва пасля Жыровічаў. У Істры ў Новаіерусалімскім манастыры пануе атмасфера глыбокага спакою і сцішанасці, нягледзячы на вялікую колькасць паломнікаў з розных куткоў Расіі і Беларусі. Самым спакойным месцам у храме я знайшла для сябе Галгофу, хоць па біблейскіх падзеях гэта было самым страшным і самым балесным месцам… Прыгажосць манастыра здзіўляе. Цікава ўвогуле было б паглядзець на першазданны выгляд, якім яго будаваў патрыярх Нікан, бо манастыр зазнаў мноства зменаў.

Экскурсію для нас правёў цудоўны, з вельмі добрай душой бацюшка Васілій (калі я правільна запомніла)”. Усё, што ён распавядаў, ляжыць цяпер спакойна на сваіх месцах у галаве з адшуканым сэнсам перажытых падзей. Развітваючыся з Істрай, проста з’язджала, але ўжо сёння захацела пачуць званы нанова.

Трэба сказаць, што асаблівае месца ў маёй душы займае Пакроўскі манастыр. Мошчы святога чалавека знаходзяцца ў сэрцы, на маю думку, самага мітуслівага горада – у Маскве. Стоячы ў чарзе, а затым увайшоўшы ў храм, я зусім забыла, у якой краіне я знаходжуся. Вакол нікога не было. Была я і яна – гэта цудоўная, добрая, маленькая жанчына… Святая Матронушка. Выходзіць з манастыра не хацелася, не кажучы ўжо пра тое, каб пакінуць яго на нейкі час. Выходзіла – плакала, неяк да душы блізка ўсё гэта. Я ўпэўнена, што абавязкова туды вярнуся з удзячнасцю, бо гэта было толькі знаёмства.

Паездка далася лёгка, як ніколі. Яшчэ столькі ж праехаць праехаць? З вялікім задавальненнем, хоць прама зараз. Арганізатар ні на крок ад нас не адыходзіла, добра ведае, што робіць, дзякуй ёй вялікі. Вадзіцелі не далі нават падставаў для неспакою. Усё прайшло добра, ціха і хутка… Хоць, як усё яшчэ павінна было быць, калі нас засцерагае Бог?.. У нейкі момант мая суседка задала пытанне: “Мы сапраўды былі ў Матронушкі?” Так, гэта падобна да сну, які так цёпла грэе знутры.

Вось і слава Богу за ўсё.

Спасі, Госпадзі”.

Надзея ТАРАС:

“Другі раз ездзіла ў паломніцкую паездку ў Маскву. У гэты раз наведалі Новы Іерусалім (г. Істра) і Пакроўскі манастыр у Маскве, дзе знаходзяцца мошчы блажэннай Матроны Маскоўскай.

Ужо здалёк, калі ўбачыш купалы Узнясенскага манастыра (Новы Іерусалім), сэрца замірае ад красы і бляску на сонцы. На адлегласці адчувалася моц і хараство храмаў, а калі ўвайсці на тэрыторыю і ў сам храм – адчуванне, што трапіў у іншую рэальнасць, менавіта тую старажытную, дзе пісалася гісторыя не толькі Царквы, але і Расіі”.

Кувуклія – месца, дзе ўсе мірскія клопаты, усе думкі пакідалі чалавека. Месца, дзе ты заставаўся са Хрыстом у той самы момант пахавання і Уваскрасення. Месца, дзе час не меў ніякага значэння і яго проста не існавала больш. Малітва – вось, што было на першым месцы.

І другая мясціна, якую наведалі, – гэта Пакроўскі манастыр. Матушка Матрона прыняла нас цудоўна. Матчына дабрыня і любоў – тыя пачуцці, якія змог адчуць кожны, хто прыходзіць да яе. Ніхто не заўважаў халоднага надвор’я. Малітва да блажэннай аб дапамозе ці малітва ўдзячнасці была ў нашых вуснах. І ўпэўнена: кожны атрымаў дапамогу і адказ ад Матушкі на свае пытанні.

Заставалася пара вольных гадзінаў, і я не ўпусціла магчымасць наведаць Наваспаскі манастыр, які знаходзіцца недалёка ад Пакроўскага. Яго хараство і старажытнасць уражваюць сваёй моцай і гісторыяй (паколькі ў гэтым манастыры знаходзіцца пахавальня дынастыі Раманавых, а наведванне такой мясціны не забываецца ніколі)”.