Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 7 сакавіка 2019 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі г. Мінска, адбылося святкаванне Дня праваслаўнай кнігі, прысвечанага ў гэтым годзе 180-годдзю Полацкага сабора 1839 года.
Арганізатары мерапрыемства – Выдавецкая рада Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр.
У ліку запрошаных гасцей і ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства ад Гродзенскай епархіі стаў клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, загадчык сектара прыхадскіх бібліятэк Аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі протаіерэй Уладзімір Барысевіч.
Урачысты акт у гонар свята пачаўся ў актавай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мерапрыемства ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Сярод удзельнікаў былі святары Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў, прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Беларусі, главы і супрацоўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, рэктары вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы духоўных школ ды іншых навучальных устаноў Беларусі. Святкаванне Дня праваслаўнай кнігі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве стала ўжо традыцыяй.
Яно прымеркавана да ўспаміну пра выданне ў 1517-1519 гадах Францыскам Скарынам (у Святым Хрышчэнні Георгіем) першай на ўсходнеславянскіх землях друкаванай Бібліі і да выдання ў 1564 годзе выхадцамі з беларускіх земляў дыяканам Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам кнігі “Апостал”, што стала першай друкаванай кнігай у Маскоўскім царстве.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай падзеі, праходзяць у сакавіку ва ўсіх епархіях Беларускага Экзархата, у публічных і царкоўных бібліятэках, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах рэспублікі, а таксама ў духоўных школах Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Дзень праваслаўнай кнігі – гэта прызнанне вялікага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.
Для Беларусі ў цяперашнім годзе гэта падзея звязана са 180-годдзем Полацкага сабора 1839 года, на якім была скасавана унія, што раз’ядноўвала духоўнае адзінства Рускай Царквы. У Нядзелю Перамогі Праваслаўя 12 лютага 1839 года ў полацкім храме Святой Сафіі адбылося прыняцце саборнага рашэння аб скасаванні Брэсцкай царкоўнай уніі і аднаўлення адзінства беларуска-літоўскіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой. Паводле ацэнак гісторыкаў, дзеянні Полацкага Сабора 1839 года садзейнічалі развіццю беларускай культуры і беларускай нацыянальнай самасвядомасці.
Падарункам для ўсіх стала тэатралізаваная пастаноўка, прысвечаная Полацкаму Царкоўнаму сабору. Сцэнар да яго напісаў Уладзімір Арлоў, ролі выканалі акторы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.
У праграме святкавання Дня праваслаўнай кнігі прайшлі наступныя мерапрыемствы:
-прэзентацыя кніг Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі);
-выстава кніг Выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі;
-экспазіцыя кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў: Выдавецтва Беларускага Экзархата, Выдавецтва Свята-Елісавецінскага манастыра, Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла, Выдавецтва Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску і Выдавецтва Дзмітрыя Харчанкі, якія прадставілі свае навінкі дзіцячай літаратуры, праваслаўных мастацкіх выданняў, тварэнняў святых айцоў і вучыцеляў Царквы, а таксама катэхізічных духоўна-асветніцкіх кніг.
Галоўная мэта Дня праваслаўнай кнігі – прывіццё любові да чытання ў падрастаючага пакалення, развіццё цікавасці да рэлігійнай літаратуры і вызначэнне яе асаблівай ролі ў жыцці кожнага чалавека.
Протаіерэй Уладзімір БАРЫСЕВІЧ















