27 лютага 2019 года ў навуковай бібліятэцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў межах дамовы аб супрацоўніцтве з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы клірыкі Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора прынялі ўдзел у адкрытым дыялогу пра сямейныя каштоўнасці са студэнтамі педагагічнага, ваеннага факультэта, а таксама факультэта фізічнай культуры
Протаіерэй Уладзімір Пятручык на прыкладзе “Казкі пра рыбака і рыбку” А.С. Пушкіна распавёў пра ўзаемаадносіны ў сям’і, пра выхаванне, пра сямейныя каштоўнасці. Таксама святар прывёў цытаты з Бібліі, у якіх расстаўлены акцэнты на захаванне іерархіі сям’і.
Iерэй Аляксандр Цыбульскі, дырэктар бібліятэкі сабора, пазнаёміў з літаратурай, якая будзе карыснай для тых, хто жадае ўступіць у шлюб, зрабіць правільны выбар і будаваць адносіны ў сям’і паводле хрысціянскіх канонаў.
Начальнік аддзела ЗАГСа Гродзенскага райвыканкама Людміла Башкевіч распавяла моладзі пра функцыі органаў ЗАГС, прывяла дадзеныя статыстыкі пра шлюбы па Гродне і Гродзенскай вобласці за апошнія 3 гады.
Пра фонд мастацкай літаратуры бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы распавяла супрацоўнік бібліятэкі Святлана Дзеціна. Яна заклікала студэнтаў праяўляць большую цікавасць да чытання і актыўней наведваць бібліятэку.
Завяршыў імпрэзу дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько, які падзякаваў прысутным за карысны адкрыты дыялог і ўручыў гасцям памятныя сувеніры.
Святлана ДЗЕЦІНА




















