Маладзёвае брацтва Пакроўскага сабора прыняло ўдзел у штогадовым злёце моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы

З 22 па 24 лютага 2019 года моладзь Сафійскага брацтва Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна прыняла ўдзел у штогадовым злёце моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў горадзе Мінску. Асноўнымі тэмамі размоў на злёце сталі “Маральнасць. Жыццё маладога хрысціяніна. Шлюб і сям’я”.

Цэнтральнай падзеяй стала Літургія апостала Іакава ў Петра-Паўлаўскім саборы, дзе ўсе прычасціліся Святых Хрыстовых Тайнаў. Хочацца адзначыць, што Літургія апостала Іакава служыцца два разы на год: у дзень памяці святога і на злёце моладзі БПЦ.

Тэматычныя размовы правялі айцец Сергій Цімашэнкаў, айцец Іаан Задарожын, айцец Аляксандр Ледаховіч і свяшчэннікі з розных епархій. У суботу вечарам у двары царкоўнага дома “Кінанія” быў супольны касцёр: смажаныя сасіскі, танчылі, гралі і спявалі песні пад гітару. Нядзельным ранкам у “Кінаніі” адбылася Літургія з народнымі спевамі. Кожны адчуваў свой асаблівы ўдзел у набажэнстве.

Хочацца падзякаваць усім арганізатарам, валанцёрам і гасцям злёту за выдатную магчымасць паразмаўляць з людзьмі з розных куткоў Беларусі.

Яўгенія АЛІЛУЕВА