3 лютага 2019 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна з адукацыйнай лекцыяй (псіхалогія адносінаў у сям’і маці-дзіця і бацька-дзіця) выступіла кандыдат псіхалагічных навук Ганна Янчый.
Ганна Іванаўна адзначыла, што ўзаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі ўзаемаскіраваныя. Пры гэтым важна ўмець слухаць дзіця і разумець яго. Вельмі часта бацькі не бачаць свет з пункту погляду дзіцяці і арыентуюцца на ўласныя матывы, у выніку чаго ўзнікае неразуменне. Нам трэба бачыць у дзіцяці перш за ўсё чалавека і гаварыць з ім на роўных.
Лектар прывяла прыклад з уласнай практыкі няправільнага навучання дзяцей бацькамі, пасля чаго абмеркавала з гледачамі розныя выпадкі, якія ўзнікалі ў іх жыцці. Ганна Іванаўна казала пра тое, што выхаванне дзяцей павінна ажыццяўляцца праз прызму любові. На цікавых прыкладах было паказана, як можна навучыцца ў дзіцяці нестандартнаму рашэнню розных пытанняў, а таксама распавяла пра тое, што дзіця вучыць нас таму, што да меркавання іншых трэба прыслухоўвацца.
У якасці заключэння былі прыведзены прыклады асоб з унутранай сілай духу, якія былі выхаваны ў любові і станавіліся пераможцамі над тымі, хто, здавалася б, пераўзыходзіць іх у фізічных адносінах.
Тэма сустрэчы 10 лютага – “Маніпуляцыя грамадскай свядомасцю: формы і тэхналогіі”. Лектар – кандыдат філасофскіх навук Сняжана Семярнік.
Іерэй Міхаіл ПЕРАЦ, фото: Мікалай БАЙДА













