10 лютага 2019 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна для прыхаджан-бацькоў з адукацыйнай лекцыяй “Маніпуляцыя грамадскай свядомасцю: формы і тэхналогіі” выступіла дацэнт, кандыдат філасофскіх навук Сняжана Семярнік.
Лектар на канкрэтных прыкладах паказала як змяняе свае ацэнкі рэальнасці чалавек пад упывам грамадскай думкі. Сняжана Здзіславаўна распавяла пра спосабы ўздзеяння на грамадскую свядомасць, а таксама пра прыкметы маніпуляцыі ёю. Былі разгледжаны этапы “акна Овертана”, праз якія ў свой час была легалізавана эўтаназія. Дадзены прыклады тэхналогіі пераўтварэння мовы.
У якасці заключэння была зроблена выснова аб тым, што ворагам маніпуляцыйных тэхналогій ёсць хрысціянскія перакананні чалавека, праваслаўе, дзе ёсць такое паняцце як хрысціянская свабода, пад якой разумеецца свабода ад граху.
Дакладчыца гаварыла пра тое, што трэба крытычна ставіцца да інфармацыі, якая паступае, і перш чым штосьці засвоіць, неабходна думаць, аналізаваць, разважаць і маліцца.
Іерэй Міхаіл ПЕРАЦ, фота: Мікалай БАЙДА
17 лютага 2019 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу “Тэрапія гармонамі, антыбіётыкамі, вітамінамі, мікраэлементамі. Біяпрэпараты. Нашы сябры ці ворагі. Лечым насмарк, небяспека сасудазвужальных капляў”. Лектар – урач, кіраўнік сямейнага цэнтра “Рамонак” і выкладчык МРП Наталля Жалезная. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.
P.S. Сустрэчы адкрытыя не толькі для бацькоў вучняў нядзельнай школы. Сардэчна запрашаем.