Святочныя імпрэзы з нагоды Хрыстова Нараджэння прайшлі ў нядзельнай школе Пакроўскага сабора

13 студзеня 2019 года ў нядзельнай школе пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна прайшлі імпрэзы з нагоды святкавання Нараджэння Хрыстова.

Няма больш светлага і радаснага свята для праваслаўнага чалавека, чым Нараджэнне Хрыстова. Больш за 2000 год таму нарадзіўся Збаўца, і мы з незвычайнай радасцю ў сэрцы, з вялікай весялосцю чакаем гэтага дня, адзначаем яго разам з сям’ёй і дзелімся радасцю з тымі, хто нас акружае.

Надта чакалі гэтага свята выхаванцы малодшых класаў нядзельнай школы. На працягу некалькіх тыдняў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў яны рыхтавалі ранішнік “Вестка з Віфлеема”. Дзеці спрабавалі зазірнуць у мінулае і стаць відавочцамі дзіўнай падзеі. Свята чакалі нават звяркі, да калыскі прыйшлі пастухі, народжанаму Дзіцяці-Хрысту пакланіліся валхвы – і ўсё гэта стварала атмасферу непаўторнасці падзеі. Але дзеці не былі пасіўнымі гледачамі, а прымалі актыўны ўдзел у тым, што адбывалася: танчылі, спявалі, гралі, удзельнічалі ў гульнях.

Адметным чынам адзначылі гэта свята старэйшыя класы нядзельнай школы. З ХVI-XVII стст. у шляхецкіх асяродках Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, а з XVIII ст. – і ў Расіі, у Калядныя дні праводзіліся балі. На працягу такіх баляў танчылі, вялі няспешныя размовы, удзельнічалі ў гульнях і весяліліся. Праводзіліся такія вечарыны і для дзяцей, дзе нязменна прысутнічалі бацькі. Яны рыхтаваліся задоўга да балю і гэтаксама рыхтавалі сваіх дзетак. І сёлета мы вырашылі адрадзіць прыгожую традыцыю Каляднага балю!

Рыхтавацца сталі заранёў. Хлопцы і дзяўчаты займаліся з балетмайстрам, знаёміліся з правіламі паводзінаў на балі. Класічная музыка, якая суправаджае баль, гучала і ў сценах нашай залы ў выкананні выхаванцаў школы: мы пачулі, флейту, скрыпку, фартэпіяна, а таксама мелі магчымасць палюбавацца незвычайна прыгожым выкананнем вальса, якое нам прадэманстравалі дзеці, што займаюцца ў студыі бальнага танца. Акрамя класічнага менуэта, вальса, гульні-танца “Хуткі ручай”, хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем вадзілі хараводы вакол каляднай яліны, удзельнічалі ў гульнях, і, вядома, сустракалі калядоўшчыкаў! Кульмінацыяй вечара стала абавязковая на балі гульня ў фанты. Павесяліліся ад душы!

Сапраўдным калядным падарункам стала пастаноўка тэатра-батлейкі ў выкананні навучэнцаў ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Гродна”.

Дужа прыемна, што сучасныя дзеці з задавальненнем і энтузіязмам адгукнуліся на такое незвычайнае і нязвыклае дзейства. Гэта пацвярджае той факт, што краса і любоў знаходзяцца па-за часам і не маюць узроставых абмежаванняў.

Болей падрабязная фотасправаздача: “Нараджэнне Хрыстова (2019), нядзельная школа Пакроўскага сабора”.

Дар’я САНЮКЕВІЧ, Жанна ЛІТВІНЁНАК, фота – Мікалай БАЙДА