Маладзёвае брацтва Пакроўскага сабора арганізавала калядны вечар у доме-інтэрнаце (в. Сколабава)

17 студзеня 2020. Вечар у маладзёвага Свята-Сафійскага брацтва пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна выдаўся асаблівым і запамінальным. У апошнія дні калядак сафійцы наведалі дом-інтэрнат для састарэлых і людзей з псіха-фізічнымі адхіленнямі (в. Сколабава). Цемра, туман і неасветленая дарога не змаглі стрымаць імпэт і жывасць у кожным братчыку перад надыходзячым канцэртам.

Гасціннасць і цёплы прыём з боку медыцынскага персанала і насельнікаў дадзенай установы стварылі асаблівую атмасферу свята. Калядныя віншаванні пачаліся з традыцыйнага спеву трапара і кандака ў гонар Хрыстовага Нараджэння. Пасля згодна з праграмай на працягу паўгадзіны калядоўшчыкі радавалі гледачоў спевам калядак і размаітымі прыпеўкамі-скліканкамі.

У канцы мерапрыемства духаўнік брацтва іерэй Аляксій Саўко звярнуўся да прысутных у зале з віншавальным словам, у якім распавёў пра радасць Хрыстовага Нараджэння і хрысціянскую любоў.

А завяршыць хочацца словамі вельмі вядомай калядкі: “Людзі добрыя, святкуйце, весяліцеся са мной. З весялосцю апраніце рызу радасці Святой”.

Лізавета НАРКУН