Святары Ваеннага аддзела Гродзенскай епархii сустрэлiся з прадстаўнікамі Гродзенскай пагранічнай групы ў Пакроўскім саборы

17 мая 2019 года па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага, на базе Пакроўскага кафедральнага сабора адбылася сустрэча святароў, што акармляюць  пагранічныя заставы, з намеснікамі начальнікаў ПАГЗ па ідэалагічнай працы.

Пасля супольнай малітвы ваеннаслужачыя пазнаёміліся з гісторыяй і святынямі храма. Далей удзельнікі форуму прайшлі ў адзін з класаў нядзельнай школы, дзе з прывітальным словам выступілі кіраўнік Ваеннага аддзела Гродзенскай епархіі іерэй Цімафей Наздрын і прадстаўнік Гродзенскай пагранічнай групы падпалкоўнік Амяльянчык Віталій Яўгеніевіч.

На працягу гэтай сустрэчы абмяркоўваліся пытанні акармлення свяшчэннаслужыцелямі салдатаў, а таксама былі разгледжаны новыя ідэі для больш актыўнага ўзаемадзеяння прадстаўнікоў Царквы і ваеннаслужачых. Напрыканцы першай часткі форуму быў прагледжаны фільм, прысвечаны ваенна-патрыятычным клубам.

Далей сустрэча мела працяг на тэрыторыі 1 ПАГЗ імя В. М. Усава.

Іерэй Георгій СКОРБ