Ўспаміны пра паездку ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр

11 жніўня 2019 года больш за 50 паломнікаў з Гродна, Ваўкавыска, Луцкаўлянаў Гродзенскага раёна адправіліся ранкам у нядзелю ад кафедральнага сабора горада Гродна ў Лаўрышава Навагрудскай епархіі. Паездка адбылася напярэдадні ўрачыстасцей, прысвечаных да дня адраджэння Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра, якія штогод праходзяць 11-12 жніўня.

Наша група прыехала да ранішняй літургіі. Святочны аб’яднаны Хрэсны ход, які ішоў па маршрутах Навагрудак-Нягневічы-Лозкі-Лаўрышава-Гнесічы і Карэлічы-Шчорсы-Лозкі-Лаўрышава-Гнесічы, прыбыў толькі пасля 2-х гадзін дня, калі нам трэба было адпраўляцца ў адваротны шлях. Ад’язджаючы, мы з вокнаў аўтобуса радасна віталі “крыжаходцаў”.

Некаторыя ўдзельнікі нашай паломніцкай групы нават гатовы былі застацца ў гасцінным манастыры на свята, аднак праграма паездкі гэтага не прадугледжвала. Пагэтаму давялося задаволіцца радасцю ад таго, што ў нас, пакуль мы наведвалі манастыр, было дастаткова часу для выканання паслушанняў па падрыхтоўцы тэрыторыі абіцелі і трапезы для ўдзельнікаў хрэснага ходу.

Па сталай традыцыі на адваротным шляху Ірына, кіраўнік групы, чытала акафіст “Слава Богу за ўсё”. Душа, поўная ўражаннямі ад паездкі, адразу ж адгукнулася на канкрэтныя радкі:

Госпадзі, як добра гасціць у Цябе: вецер, напоўнены водарам, горы, што імкуцца ў неба, воды, як бязмежнае люстра, што адлюстроўвае залатыя промні і лёгкія аблокі. Уся прырода таемна шэпчацца, уся напоўнена ласкай, і птушкі і звяры носяць адбітак Тваёй любові” (З 2-га кандака акафіста “Слава Богу за ўсё”).

Перад унутраным поглядам зноў і зноў праплываюць віды абіцелі, як карцінкі на фотаздымках, і мінулыя падзеі.

Вось мясцовыя прыхаджане ўпрыгожваюць мост для сустрэчы крыжаходцаў. Вось Нёман, з вод якога нават рыба выскоквае, цікуючы, калі ж пачнецца шматлюднае свята. Вось ружы ўздоўж дарогі, што вядуць у абіцель. На іх пялёстках зіхацяць, адлюстроўваючыся ад глыбокага блакітнага неба, кропелькі ранішняй расы, і пасылаюць нам сваё радаснае вітанне. Адметная ўваходная “брама”, перад якой спыняешся, аглушаны прыроднай цішынёй, каб перахрысціцца, настроіцца на малітвы.

Падаўшы запіскі і купіўшы свечы, спяшаемся ў прыгожы, па-новаму адбудаваны храм.

Чаму ўся прырода ўсміхаецца ў дні святаў? Чаму тады сэрца напаўняе дзіўная лёгкасць, ні з чым зямным не параўнаная, і само паветра алтара і храма становіцца святланосным? Гэта павеў благадаці Тваёй, гэта водбліск Фаворскага святла; тады і неба і зямля хвалебна спяваюць: Алілуя!” (Кандак 9 акафіста “Слава Богу за ўсё”)

Няспешна і ўрачыста ідзе служба, якую ўзначальвае ігумен Яўсевій. Прыгожа спявае брацкі хор. Людзі багавейна слухаюць чытанне Слова Божага.

Як ты спатольваеш тых, хто думаюць пра Цябе, як жыватворна святое Слова Тваё, мякчэйшая за алей і саладзейшая за сот размова з Табой. Акрыляе і жывіць малітва да Цябе; якім трапятаннем напаўняецца сэрца і якая велічная і разумная становіцца тады прырода і ўсё жыццё! Дзе няма Цябе – там пустата. Дзе Ты – там багацце душы, там жывой плынню льецца песня: Алілуя!” (Кандак 4 акафіста “Слава Богу за ўсё”)

Паломнікі і прыхаджане змаглі спавядацца і прычасціцца.

Тыя, хто стаялі ў храме, ўспрымалі кожнае слова пропаведзі ігумена Яўсевія, намесніка манастыра. Склалася ўражанне, што ён звяртаўся асабіста да кожнага. Спакойна і з вялікай любоўю.

Думкі паломнікаў услых

Ніна Андрэеўна: “Цудоўная паездка ў Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр напоўніла душу цеплынёй, дабром, прывяла думкі ў парадак. Кожнае слова бацюшкі трапляла ў сэрца. Хочацца вярнуцца зноў і зноў у гэту намоленую мясціну. Дзякуй вялікае Ірыне за арганізацыю такой духоўнай і душэўнай паездкі. Дарога зусім не стаміла, а час на тэрыторыі манастастыра мінуў як цудоўнае імгненне”.

Пасля цалавання крыжа на свежым паветры пад хвоямі “мы елі <…> плады, поўныя водару”.

Былі смачныя і каша, і салат, і рыбны суп, насычаны вострымі прыправамі…

Урачыстым быў удзячны малебен, які адслужылі ў храме пасля абеду. Камусьці пашчасціла асабіста пагаварыць пра жыццё з настаяцелем.

Група навічкоў, што ўпершыню прыехалі ў абіцель, адправілася на экскурсію. Некаторыя паломнікі засталіся на паслушанне ў трапезнай. Іншыя потым далучыліся пасля экскурсіі. Бо трэба было дапамагчы труднікам падрыхтаваць тэрыторыю, сталы і ежу да прыёму новых гасцей. Балазе, час дазваляў і папрацаваць, і адпачыць.

Так, сапраўды, мы ўвайшлі на тэрыторыю манастыра “як у чароўны рай”.

Мы ўбачылі неба, як глыбокую сінюю чашу, у блакіце якой звіняць птушкі, мы пачулі ціхамірны шум лесу і мілагучную музыку водаў…” (з Ікаса 2 акафіста “Слава Богу за ўсё”)

Ідзеш па сцежках вакол манастыра, удыхаючы поўнымі грудзьмі незвычайны “водар амброзіі”, глядзіш то па баках, та на неба, і нават размаўляць не хочацца. Так добра!

У дзіўным спалучэнні гукаў чуецца покліч Твой. Ты адкрываеш нам пераддзвер’е будучага раю і меладычнасць спеву ў гарманічных тонах, у вышыні музычных фарбаў, у бляску мастацкай творчасці. Усё ісцінна цудоўнае магутным заклікам уносіць душу да Цябе, змушае ўрачыста спяваць: Алілуя!” (Кандак 7 акафіста “Слава Богу за ўсё”)

За адведзены нам час мы паспелі пакланіцца нябожчыку-старцу Серафіму, агледзець месца традыцыйнай устаноўкі крыжоў, якія прыносяць з сабой удзельнікі хрэснага ходу, і, канечне ж, новабудоўлі.

У капліцы прападобнага Елісея, з чыім імем цесна звязана гісторыя заснавання Лаўрышаўскага манастыра, было ўсё гатова для служэння вадасвятнага малебна. Зайшлі памаліцца і ўспомніць, што Лаўрышаўская абіцель http://lavra.by/vozrozhdenie-obiteli/istoriya-monastyrya ёсць адным з найстаражытнейшых правалаўных манастыроў, вядомых у Літве. Яе заснаванне датуецца другой паловай ХІІІ ст.

Пра гэта сведчаць камяні старажытнага фундамента, закладзеныя ў аснаванне капліцы.

Хочам адзначыць, што ў паломніцтвах бываюць дзіўныя сустрэчы. Зусім незнаёмыя раней людзі раптам аказваюцца духоўна блізкімі.

Напрыклад, у той нядзельны дзень у нас адбылася незвычайна цёплая сустрэча з манахамі пад размову пра вужоў, што водзяцца на тэрыторыі.

Мы таксама атрымалі нечаканы “падарунак” ад брата Віктара: ён прадэманстраваў нашай жаночай кампаніі цудоўнай красы падасінавікі, сабраныя тут жа ў лесе.

Сёстры сястрыцтва пры Свята-Пакроўскім саборы, якія адправіліся ў гэту паездку, душэўна паразмаўлялі ў ціхай альтанцы, што стаіць далёка ад асноўнай тэрыторыі…

Слава Табе за несупынны клопат пра мяне;

Слава Табе за прамысліцельныя сустрэчы з людзьмі.

Слава Табе за любоў родных, за адданасць сяброў;

Слава Табе за рахманасць жывёлаў, што служаць мне.

Слава Табе за светлыя хвіліны майго жыцця;

Слава Табе за шчасце жыць, рухацца і сузіраць;

Слава Табе, Божа, на вякі”.

(З Ікаса 5 акафіста “Слава Богу за ўсё”)

Паломнікі таксама з задавальненнем набылі ў крамках дары манастырскага падвор’я: духмяны хлеб і булачкі, смачны квас і вельмі тлусты сыр, зборы духмянай гарбаты і мыла ручной работы на натуральных кампанентах, ды інш. А ўвесь даход ад продажу ідзе на развіццё манастыра.

Гуляючы па тэрыторыі, мы заўважылі, што адраджэнне абіцелі працягваецца.

У пачатку лета 2019 года быў збудаваны на водах ракі Нёман памост, прызначаны для служэння хрышчальнай літургіі.

Працягвае будавацца галубятня

Па распараджэнні ігумена Яўсевія асноўны ўхіл па будаўніцтве гэтым летам зроблены на 4 капліцы. Іх павінна быць па ўсёй тэрыторыі манастыра 33 – па ліку год зямнога жыцця Хрыста Збаўцы.

Дай Бог, каб усе планы годна станавіліся сапраўднасцю! Бо гэта старадаўняя абіцель, якая выконвала важную ролю ў царкоўным жыцці Літвы, першапачаткова была закладзена, як сведчыць народнае паданне, на пясчанай “выспачцы” Незвішча – на правым беразе Нёмна насупраць сучаснай вёскі Гнесічы Навагрудскага раёна, дзе зараз і адбываецца аднаўленне манастыра.

Думкі паломнікаў услых

Наталля Ільіна: “Уражанні ад паездкі 11 жніўня ў Лаўрышава самыя светыя і пазітыўныя. Дзякуючы граматнай арганізацыі, нашаму куратару Ірыне ўсё прайшло на “ўра”. Я там пабывала ўпершыню, і ў памяці застанецца лёгкі смутак і невымоўны багавейны стан душы, незвычайны пах хваёвага лесу, спакойная і крыху строгая атмасфера, сур’ёзная размова з настаяцелем. Дзякуй за тое, што дзякуючы такім паездкам мы становімся на прыступку духоўна вышэйшымі і лепшымі, і хочацца жыць, тварыць, ствараць, любіць”.

Не страшныя буры жыццёвыя таму, у каго ў сэрцы ззяе свяцільнік Твайго агню. Вакол непагадзь і цемра, жах і завыванне ветру. А ў душы ў яго цішыня і святло: там Хрыстос! І сэрца пяе: Алілуя!” (Кандак 5 акафіста “Слава Богу за ўсё”)

На адваротным шляху мы заехалі на крыніцу, якая знаходзіцца ў вёсцы Мотча пад Навагрудкам. Яе асвяцілі 2 лістапада 2008 года ў гонар Мікалая Цудатворца. Мясцовыя сведчаць, што раней на гары быў праваслаўны храм. Яго знеслі, і з тых пор з гары стала біць крыніца. З розных мясцін прыязджаюць сюды, каб акунуцца, набраць крыштальна чыстай вадзіцы, якая доўга не псуецца.

Гэту крыніцу можна іменаваць цудатворнай, многія людзі атрымліваюць тут ацаленне. Сюды прыходзяць і прыязджаюць людзі з усіх куткоў нашай краіны, каб напоўніць сябе сілай прыроды і адчуць Боскую благадаць.

Вось і мы па сцежцы, якая вядзе да самой крыніцы, пайшлі па гаючую вадзічку. Вада настолькі ледзяная, што, здаецца, рукі вось-вось перастануць слухацца і бутэлька выпадзе з-пад струменя. Многія пайшлі ў купель, каб акунуцца, як заведзена, тры разы. Без малітвы і веры зрабіць гэта вельмі складана. Канечне, пачуцці, якія ты выпрабоўваеш у гэты момант, проста невымоўныя… Нашы браты-паломнікі і ў жарт, і ўсур’ёз пасля амавення рабілі сёстрам кампліменты, што зараз мы выглядаем намнога маладзей, чым зрання.

Яшчэ некаторы час мы любаваліся красой гэтай добраўпарадкаванай мясціны. Дарэчы, у 2019 годзе тут пры садзейнічанні Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя прыродных рэсурсаў устаноўлена скульптура святога Матфея.

На таблічцы напісана: “Матфей паставіў посах на зямлю, з яго вырасла дрэва, а з падножжа гэтага дрэва забіла крыніца”. Уражвае!

Як заўсёды, у завяршэнне паездкі, арганізаванай ад кафедральнага сабора, падтрымліваецца інтрыга паломніцкай латарэі з паслушаннямі. Для тых, хто ўпершыню едзе з Ірынай, гэта ў навінку. А нам, дасведчаным, усё роўна кожны раз цікава, хто атрымае “першы прыз”. У гэты раз яго атрымала сястра Алена, адна з самых сціплых і змірэнных паломніц.

Думкі паломнікаў услых

Святлана Шрэйдэр: “Мы з дачкой вельмі радуемся паездцы. Па дарозе дамой паспела прачытаць акафіст прападобнаму Ануфрыю (Кіпрскаму), чыю ікону выйграла ў паломніцкай латарэі. А дачка Эмілія ў падарунак атрымала ікону Маці Божай “Неапалімая Купіна” (гэта было 2-е месца ў латарэі). Цяпер вось думаем, як выканаць паслушанне і патрапіць у Барань. Адметна, што такія змястоўныя паездкі нядзельнага дня арганізуе Свята-Пакроўскі храм. Мы шчаслівыя, што ў гэтым годзе актыўна ўключыліся ў цудоўную групу паломнікаў сабора”.

Дзень, напоўнены благадатнымі падзеямі, хутка і непрыкметна схіліўся да вечара. Паломнікі па прыездзе выказалі сардэчную ўдзячнасць Ірыне Гез за чуйнае і мудрае кіраўніцтва, змястоўнасць паездкі, добразычлівыя і цікавыя зносіны.

Госпаду нашаму, што падае нам столькі дароў па жыцці, скажам: дзякуй! За тое, што мы з вамі змаглі набыць і гэты малы досвед.

Нятленны Цару вякоў, Які трымае ў правіцы Сваёй усе шляхі жыцця чалавечага моцай збаўчага провіду Твайго, дзякуем Табе за ўсе вядомыя і таемныя дабрадзействы Твае, за зямное жыццё і за нябесныя радасці Царства Твайго будучага. Пасылай нам і далей Твае міласці, тым, хто спявае: Слава Табе, Божа, на вякі” (Кандак 1 акафіста “Слава Богу за ўсё”).

Удзельнікі паломніцкай паездкі Людміла Кіўлюк і Валянціна Лагонда

Фота: С.Шрэйдэр, Л.Кіўлюк, Ніна Андрэеўна, Ксенія Зурабаўна, Наталля Ільіна ды інш.