Успаміны ўдзельніц паломніцтва па машруце Хмелева-Брэст (21.07.2019)

21 ліпеня 2019 года паломніцкай службай Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна была аганізавана паездка па маршруце Гродна-Хмелева-Брэст. Удзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі і фотаздымкамі.

Святыя зямлі Беларускай, маліце Бога за нас. Дзякуючы паездцы адкрыла для сябе новыя святыні нашай Радзімы. Вельмі была засмучоная, калі даведалася, што не трапім на пропаведзь айца Серафіма ў Хмелева, але Гасподзь усё ўладкаваў і пропаведзь мы пачулі. Радасна, што аднаўляюцца і будуюцца храмы. Уразіў веліччу храм у гонар Маці Божай дзеля іконы Яе Казанскай у г. Брэсце. Асабліва благадатна было наведаць яго ў дзень ушанавання гэтай іконы.

Тэрыторыя каля храма чысценькая і ўладкаваная. Храм Мікалая Цудатворца на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці таксама запаў у душу. Нават навальніца не сапсавала нам настрой. Запалі ў сэрца словы айца Іаана, каб мы цанілі і маліліся за тую мірную абстаноўку, у якой жывем. Дзякуй арганізатарам і ўдзельнікам паездкі за цёплую і ўрачыстую атмасферу. Няхай ахоўвае ўсіх Гасподзь! (Таццяна)

Паездка выдатная! Якая пранізлівая пропаведзь была ў айца Серафіма ў Хмелева. Хацелася запомніць кожнае слова, каб старацца ў сваім жыцці яму следаваць. У Брэсце ў нас была выдатны экскурсавод, якая не толькі ўсё ведае пра свой горад, святыя мясціны і з цікавасцю распавядае, але і была сведкам некаторых падзей. Дзякуй ёй вялікае. Не памятаю імя, імя па бацьку, прабачце.

Вельмі вялікі храм у Брэсце (збудаванне 1995 г.), уразіў сваёй веліччу. Адноўлены храм Мікалая Цудатворца ХІV ст. з ніжнім храмам Георгія Перамоганосца ў Брэсцкай крэпасці таксама пакінула вялізнае ўражанне.

І напрыканцы быў цёплы, хатні прыём у невялікай утульнай вясковай царкве Параскевы Пятніцы з яе настаяцелем айцом Іаанам. Было такое ўражанне, што бацюшка Іаан для сваіх прыхаджанаў родны бацька. Пабольш бы такіх шчырых служыцеляў Богу і Царкве. Я асабіста нават і не чула пра такую святую. Для таго каб замацавалася ўбачанае і пачутае, трэба наведаць гэтыя мясціны яшчэ раз і, канешне, чытаць самастойна. Як шмат мы яшчэ не ведаем пра нашу краіну і яе святыя мясціны… Дай Бог нам быць цікаўнымі ў такой справе.

Усё апісаць не змагла, гэта коратка. Дзякуем паломніцкай службе Пакроўскага сабора за арганізацыю. Збаў, Госпадзі, усіх нас (Алена).

16-17 жніўня запрашаем у паломніцкую паездку на начную літургію ў Барань з наведваннем на адваротным шляху магілкі блажэннай Валянціны Мінскай. Кантактныя тэлефоны: +375295848081, +375291848031 (Ірына).