“Формы і тэхналогіі маніпуляцыі грамадскай свядомасцю”: ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” адбылася лекцыя філосафа Сняжаны Семярнік

24 сакавіка 2019 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна для прыхаджан-бацькоў з працягам адукацыйнай лекцыі “Маніпуляцыя грамадскай свядомасцю: формы і тэхналогіі” выступіла дацэнт, кандыдат філасофскіх навук Сняжана Семярнік.

У пачатку сустрэчы быў паказаны дакументальны фільм пра віды невербальных зносінаў (пра мову жэстаў і г. д.). Адзначана, што пры фарміравані інфармацыйнага ўздзеяння на свядомасць людзей улічваюцца як вербальныя, так і невербальныя яго складнікі.

Пасля прагляду фільма Сняжана Здзіславаўна распавяла пра тэхналогіі “мяккай сілы” – пра маніпуляцыі грамадскай свядомасцю дзеля дасягненняў пэўных мэтаў. У якасці прыкладу былі прыведзены сітуацыі ў Югаславіі, Лівіі, Украіне ды іншых краінах.

Лектар адзначыла, што адным з кірункаў актыўнага інфармацыйнага ўздзеяння на грамадскую свядомасць беларускага грамадства ёсць тэма Праваслаўнай Царквы. Таму вернікам трэба вельмі ўважліва ставіцца да тых “інфармацыйных укідаў”, што паступаюць у СМІ па пытаннях, звязаных з Царквой і яе жыццём. Крытэрам адрознення характару такой інфармацыі служыць яе якасць: калі яна садзейнічае рознагалоссям, распаўсюду духу супрацьстаяння паміж вернікамі (няважна, да якога пытання гэта мае дачыненне), то можна сцвярджаць, што мае месца штучна сканструяваная праблема, якая створана не на карысць грамадства і Царквы.

Для супрацьстаяння рознага кшталту інфармацыйным уздзеянням неабходна абапірацца на крытычную рэфлексію, лагічнае мысленне, духоўную грунтоўнасць, пагэтаму госця заклікала бацькоў-прыхаджанаў быць уважлівымі, пільнымі,  духоўна цвярозымі, каб не быць пешкамі ў чужой гульні.

Іерэй Міхаіл ПЕРАЦ, Сняжана СЕМЯРНІК, фота: Мікалай БАЙДА

31 сакавіка 2019 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу “Сіндром павышанай узбудлівасці і гіперактыўнасці. Няздольнасць доўга канцэнтравацца. Дэфіцыт увагі. Што рабіць? Як прадухіліць? Энурэз у дзіцічым узросце”. Лектар – урач, кіраўнік сямейнага цэнтру “Рамонак” і выкладчык МРП Наталля Жалезная. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.

P.S. Сустрэчы адкрытыя не толькі для бацькоў вучняў нядзельнай школы. Сардэчна запрашаем.