Ікона свяціцеля Мікалая ў Свята-Пакроўскім саборы адзін з найбольш шанаваных абразоў сярод праваслаўных г. Гродна. Ікона знаходзіцца паміж цэнтральным Пакроўскім і Мікольскім прыдзеламі Сабора. Верагодна, ікона свяціцеля Мікалая першапачаткова была напісана для Мікольскага прыдзела Пакроўскага сабора. Свяціцель Мікалай на гэтай іконе выяўлены ў стылі жывапісу. Правай рукой ён бласлаўляе, а левай рукой трымае Евангелле. На галаве – мітра. Зверху – выявы Госпада Ісуса Хрыста і Прасвятой Дзевы Марыі. Вакол абраза зроблена шматколернае, пераважна залатое, узорнае цісненне.
Напярэдадні 100-годдзя Пакроўскага кафедральнага сабора да іконы быў прымацаваны машчавік з часцінкай святых мошчаў свяціцеля і цудотворца Мікалая. Ён быў падораны Свята-Пакроўскаму сабору 19-го снежня 2006 года святаром абшчыны Праабражэння Гасподняга г. Бадэн-Бадэн (ФРГ, Берлінская епархія МП) іераманахам Андрэем Готфрыдам. Першапачаткова меркавалася, што часцінка мошчаў будзе прывезена толькі на час для пакланення. Аднак калі а. Андрэй Готфрыд убачыў тысячы праваслаўных хрысціянаў, якія жадаюць пакланіцца святыні, ён прыняў рашэнне пакінуць часцінку святых мошчаў у Гродзенскім кафедральным саборы каля іконы свяціцеля.
Адметным з’яўляецца той факт, што да Першай Сусветнай вайны ў саборы была яшчэ адна ікона свяціцеля Мікалая, якая шанавалася як цудатворная. Гэта быў невялікі абраз, які вісеў на кухні 9-й роты 103-га Петразаводскага палка і ад старасці стала непрыдатнай. Было прынята рашэнне аддаць ікону агню, як і належыць паступаць з састарэлай святыняй.
Ваеннаслужачы Грыгорый Котляр 19 снежня 1909 году аддаў абраз свяціцеля Мікалая спаленню ў пячы. Але ікона не згарэла і больш за тое – аднавілася, ззяючы, са слоў відавочцаў, незвычайным святлом. Цудоўны факт аднаўлення іконы ў агні дакументальна засведчыў святар Аўксенцій Турэвіч, які і перанёс ікону ў гарнізонны Пакроўскі сабор. Для іконы справа ад царскай брамы быў прыладжаны асаблівы ківот, упрыгожаны белым рушніком, на якім была запісана гісторыя дзіўнага аднаўлення іконы. Паводле сведчання святароў, якія ажыццяўлялі сваё служэнне ў тыя гады ў Свята-Пакроўскім саборы, ад іконы адбываліся розныя цуды і ацаленні. У 1915 годзе ікона была вывезена з сабора ў глыб Расіі і там, верагодна, была страчана.